Лісоўскі Адам (1884-1929), каталіцкі святар заходняга абраду, ганаровы канонік Пінскай капітулы, магістр тэалогіі, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 18.01.1884 (па іншых крыніцах - у 1883) у в. Каранды Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з нацыянальна-свядомай беларускай каталіцкай сям'і. Бацькі: Язэп і Францішка Лісоўскія. У 1899-1903 гг. вучыўся ў духоўнай каталіцкай семінарыі ў Вільні. Пасля яе заканчэння прадоўжыў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. З часоў вучобы ў акадэміі быў звязаны з біскупам С.Данісевічам і выкладчыкам грэчаскай мовы Б.Эпімах-Шыпілам. Прыязджаючы ў родную вёску на вакацыі, распаўсюджваў сярод аднавяскоўцаў і ваколічных суседзяў беларускія кніжныя выданні («Смык беларускі» М.Бурачка і інш.). Пасвячоны ў святары ў 1907 г. Душпастырскую дзейнасць пачаў на пасадзе вікарыя ў касцёле Дзевы Марыі ў Магілеве. З 1910 г. служыў у парафіях св. Тройцы і св. Роха ў Менску. Выконваў абавязкі адміністратара ў касцёле святых Сымона і Алены (1911). У 1912-1914 гг. працаваў у Маскве, выкладаў Закон Божы ў свецкіх навучальных установах. Пазней служыў пробашчам у парафіі Гарадзішча на Піншчыне. З 1916 г. - адміністратар і дэкан у Ігумене Менскай губ. У 1918-1922 гг. працаваў пробашчам парафіі Каралішчавічы і адміністратарам у парафіі Анопаль. У 1921 г. біскупам С.Лазінскім прызначаны генеральным вікарыем часткі Менскай дыяцэзіі ў Савецкай Беларусі. Сябра Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці. Прымаў удзел у правядзенні ў Менску 1-га з'езда беларускага каталіцкага духавенства (24-25.05.1917). Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця. На пачатку 1920-х гадоў - пробашч, а пазней адміністратар кафедральнага касцёла ў Менску. У 1922 г. ўзначаліў Менскі дэканат. Абвінавачаны савецкімі ўладамі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Арыштаваны органамі бяспекі 31.05.1922. Быў прыгавораны да расстрэлу, які пазней замянілі на 5 гадоў турмы. Пасля менскай вязніцы сядзеў за кратамі ў Бутырскай турме ў Маскве і ў Яраслаўлі. Вызвалены і дэпартаваны ў Польшчу 28.04.1924 у выніку абмену палітычнымі вязнямі паміж уладамі Польшчы і Савецкай Расеі. З сярэдзіны 1920-х гадоў жыў у Заходняй Беларусі. Працаваў адміністратарам у парафіі Гарадзішча недалёка ад Пінска. Пазней служыў пробашчам у парафіі Вышкі. Памёр 09.10.1929 у Варшаве. Пахаваны ў мясцовасці Кляшчэлі Бельскага павета.

Літ.: ЦНБ, ф. 4, воп. 1, спр. 140; Directorium... Mohiloviensi; ЭГБ, IV; Усходняя Беларусь; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1929. № 15; Dzwonkowski R., 1998.

Паведаміць пра недакладнасьць