Мелхіседэк (1878-1931), праваслаўны святар, мітрапаліт Менскі і Беларускі, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., педагог. У свецкім жыцці - Міхаіл Паеўскі

Нарадзіўся ў верасні 1878 г. ў в. Вітуліна Бельскага павета Холмскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўнага святара Льва Паеўскага. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома і ў манастырскай школе. Пазней вучыўся ў духоўнай праваслаўнай семінарыі. У далейшым багаслоўскія і філасофскія веды паглыбляў у Казанскай духоўнай праваслаўнай семінарыі. Верагодна там жа, у Казані, прыняў манаскі пастрыг і атрымаў імя Мелхіседэк. Пасля заканчэння вучобы ў праваслаўнай акадэміі рукапаложаны ў святары і ў сане іераманаха накіраваны ў Магілеўскую епархію. З восені 1904 г. ў якасці выкладчыка маральнага багаслоўя распачаў службу «по духовному ведомству». Браў удзел у архірэйскіх набажэнствах у праваслаўным кафедральным саборы св. Іосіфа. Адначасова служыў на пасадзе ключара семінарскай царквы. 16.09.1905 прызначаны выконваць абавязкі ігумена Магілева-Брацкага манастыра. У кастрычніку гэтага ж года па прапанове епіскапа Магілеўскага і Мсціслаўскага акрамя асноўнай пасады стаў благачынным над мужчынскімі манастырамі - Аршанскім, Ахорскім, Бялыніцкім і Няклюдаўскім. 24.01.1907 пераведзены ў Бялыніцкі манастыр. У гэтым жа годзе ўзведзены ў сан архімандрыта. Удзельнічаў у культурна-асветных і дабрачынных арганізацыях. З 1906 г. - сябра Магілеўскага царкоўна-праваслаўнага Богаяўленскага брацтва і Магілеўскага камітэта Праваслаўнага місіянерскага таварыства. Паводле ўказа Сінода 22.09.1907 пераведзены ў Таўрычаскую епархію на пасаду ігумена Херсонскага манастыра св. Уладзіміра. Да 1914 г. знаходзіўся ў Крыме. Пазней святарскія абавязкі выконваў у Тыфлісе. З 1917 г. - епіскап Ладажскі, вікарый Пецярбургскі. Браў удзел у памесным саборы праваслаўнай царквы (Масква, жнівень 1917 - верасень 1918). У 1919 г. вярнуўся ў Беларусь. Служыў у Менскай епархіі. З 1919 г. - епіскап Менскі і Тураўскі. Адзін з ініцыятараў склікання схода беларускага праваслаўнага духавенства (10.07.1922). Пасля абвяшчэння на сходзе ў Менскім кафедральным саборы аўтаноміі Беларускай праваслаўнай царквы ўзведзены ў сан мітрапаліта Менскага і Беларускага. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі царкоўна-адміністрацыйных структур Беларускай праваслаўнай мітраполіі. Да абнаўленчых рэлігійных плыняў, што паўсталі пасля 1921 г. ў Расейскай праваслаўнай царкве, ставіўся адмоўна: не прызнаваў за імі кананічнага статуса. У траўні-чэрвені 1922 г. выклікаўся ў савецкія органы бяспекі «для переговоров о возможном использовании в борьбе с Тихоном и реакционным духовенством». Ад падтрымкі абнаўленства і супрацоўніцтва з органамі савецкай бяспекі катэгарычна адмовіўся. У складанай палітычнай сітуацыі ў Беларусі ў 1919-1924 гг. выконваў святарскія абавязкі ў Свята-Петрапаўлаўскім праваслаўным кафедральным саборы ў Менску. Карыстаўся асаблівай павагай сярод вернікаў Менскай епархіі. З 01.06.1924 знаходзіўся пад следствам разам з шасцю святарамі і вернікамі. Быў абвінавачаны ва ўтойванні царкоўных каштоўнасцей і антысавецкай дзейнасці. Знаходзіўся пад хатнім арыштам. 17.08.1925 прыгавораны ўмоўна да 3 гадоў зняволення. З канца лістапада 1925 г. - вязень Бутырскай турмы ў Маскве. Пазней быў высланы ў Сібір, дзе да вясны 1927 г. знаходзіўся на Марыінскіх пасяленнях. Пасля вызвалення меў намер вярнуцца ў Беларусь. Затрыманы 23.05.1927 органамі бяспекі. Праз 11 дзён арыштаваны. Вызвалены з турмы 17.09.1927 з падпіскай аб нявыездзе. Пэўны час знаходзіўся ў Краснаярску (?). У 1930 г. быў выкліканы ў Маскву, дзе на летняй сесіі абраны ў Сінод. Памёр раптоўна пры нявысветленых абставінах 17.05.1931 у Дарагамілаўскім саборы перад хіратоніяй аднаго з архірэяў. Паводле адной з версій быў атручаны супрацоўнікамі бяспекі. Першапачаткова пахаваны ў Кузьмінках у Маскве. Пазней прах беларускага мітрапаліта перазахаваны на Праабражэнскіх могілках.

Літ.: Голас царквы (Нью-Ёрк). 1972. № 36; Беларусь; Процька Т.; ЭГБ, V.

Паведаміць пра недакладнасьць