Пучкар-Хмялеўскі Адам (1891-1938), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 24.12.1891 у мястэчку Івянец Стаўбцоўскага павета Менскай губ. Паходзіў з сям'і беларусаў-католікаў. Бацькі: Іван Вікенцьевіч - адстаўны салдат, Юлія (з дому Пазнанскіх) Пучкар-Хмялеўскія. Са жніўня 1903 г. вучыўся ў Менскай рэальнай навучальні, якую скончыў 04.06.1911. У 1911-1916 гг. вучыўся ў Магілеўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Пецярбургу. Тады ж далучыўся да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. Пасвячоны ў святары ў 1916 г. Першыя гады душпастырскай дзейнасці правёў на пасадзе вікарыя ў Бабруйскім касцёле. Пазней служыў пры каталіцкай парафіі ў Іркуцку. У 1920 г. быў арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі. Знаходзіўся ў групе заложнікаў, якая па дамоўленасці паміж польскім і савецкім ўрадамі рыхтавалася да выезду ў Польшчу. З 1922 г. - у Менску. Выконваў святарскія абавязкі ў касцёле святых Сымона і Алены. Працаваў у парафіях Койданава, Заслаўе, Воўчкавічы. Выступаў за шырокую беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця беларусаў-католікаў. У 1926 г. на з'ездзе каталіцкіх святароў былой Менскай губ. выступіў з прапановай утварэння незалежнай рымска-каталіцкай дыяцэзіі на чале з беларускім біскупам. Сутнасць яго прапановы заключалася ў тым, каб каталіцкая царква ў Беларусі выйшла з-пад улады польскіх біскупаў і падпарадкоўвалася непасрэдна Ватыкану. З 1929 г. - пробашч Менскага кафедральнага касцёла. Беспадстаўна абвінавачаны ўладамі ў «антысавецкай дзейнасці» і прыналежнасці да польскай вайсковай арганізацыі. 26.06.1933 (паводле іншых крыніц - 03.08.1933) арыштаваны органамі бяспекі. Прыгавораны да 10 гадоў лагераў. З верасня 1934 г. знаходзіўся на Салаўках. Пасля пяці гадоў зняволення калегіяй АДПУ прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. 01.09.1938 расстраляны.

Літ.: РГИА, ф. 826, воп. 1, спр. 2243; Directorium... Mohiloviensi; Elenchus... Mohiloviensis; Архіў КДБ РБ (Менск), спр. 9939-С; Dzwonkowski R.,1997; Dzwonkowski R.,1998.

Паведаміць пра недакладнасьць