Стаповіч Канстанцін (1890-1926), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, адзін з ідэолагаў і пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр, паэт і публіцыст. У літаратурным жыцці выступаў пад псеўданімамі Казімір Сваяк, Ксёндз-Беларус.

Нарадзіўся 06.02.1890 у в. Бараны Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з мнагадзетнай сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Мацей і Лізавета (з дому Субачаў) Стаповічы. Скончыў пачатковую школу ў роднай вёсцы. У 1902-1906 гг. вучыўся ў Свянцянскай гарадской 3-класнай навучальні, якую закончыў з атэстатам сталасці. Увосень 1907 г. перад камісіяй навучальнай акругі ў Пецярбургу паспяхова вытрымаў экзамены па алгебры, французскай і лацінскай мовах. Атрыманае па выніках экзаменаў званне аптэкарскага вучня адкрыла магчымасць вучыцца ў рэлігійнай духоўнай установе. У 1909 г. паступіў у Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Пад час вучобы, аднак, захварэў на сухоты. З гэтай прычыны зімы 1913-1914 гг. правёў на лячэнні ў г. Закапанэ. Нягледзячы на хваробу, з часоў вучобы ў семінарыі шырока звязаны з беларускім нацыянальна-адраджэнскім рухам. Удзельнічаў у працы культурна-асветнага гуртка беларусаў-семінарыстаў. У 1914 г. скончыў навучанне ў духоўнай семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1915 г. Душпастырскую дзейнасць пачаў як вікарый у парафіі Камаі Свянцянскага павета. Пазней працаваў у Клюшчанах, дзе арганізаваў актыўнае рэлігійнае і культурна-грамадскае жыццё мясцовай парафіі. Шырока выкарыстоўваў у святарскай працы беларускую мову. Адкрыў некалькі беларускіх школ. Арганізаваў настаўніцкія курсы і касцельны хор у Клюшчанах. За беларускую нацыянальна-рэлігійную дзейнасць праследаваўся польскімі духоўнымі і свецкімі ўладамі. Напрыканцы 1916 г. пераведзены на пасаду вікарыя ў в. Карыцін Сакольскага павета, дзе шырока прапагандаваў беларускае друкаванае слова. Супрацоўнічаў з беларускімі рэлігійнымі і свецкімі перыядычнымі выданнямі («Biełarus», «Krynica»). З 1920 г. - на пасадзе пробашча ў парафіі Засвір Свянцянскага павета. Тут прайшлі найбольш плённыя гады яго нацыянальна-рэлігійнай, грамадскай і літаратурнай дзейнасці. У гэты перыяд выйшаў зборнік вершаў «Мая ліра» (Вільня, 1924) і ўбачыў свет падрыхтаваны ў 1925 г. малітоўнік для беларусаў-католікаў (Вільня, 1926). Культурна-грамадская актыўнасць К.Стаповіча не прайшла незаўважанай для афіцыйных свецкіх улад. З 15.01.1922 пракуратура Віленскага акруговага суда праводзіла следства па яго справе, абвінаваціўшы ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Справа была спынена толькі ў сярэдзіне жніўня 1923 г. Памёр 06.05.1926 у Вільні. Пахаваны на могілках Роса.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «С»; ЦНБ, ф. 5, воп. 1, спр. 1; LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 134; LVIA, ф. 694, воп. 3, спр. 1161; Directorium... Vilnensi; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1931. № 9; БП, V.

Паведаміць пра недакладнасьць