Стукаліч Юры (1905-1975), культурна-асветны і праваслаўны свецкі дзеяч, удзельнік беларускага грамадскага і царкоўна-рэлігійнага руху ў эміграцыі, гісторык, культуролаг, мастацтвазнавец, рэдактар, выдавец, пісьменнік і публіцыст. У літаратурным жыцці і публіцыстыцы выступаў пад псеўданімамі Юрка Віцьбіч, Алесь Крыжаніч (?) і інш.

Нарадзіўся 02.06.1905 у г. Веліж Віцебскай губ. Паходзіў з сям'і праваслаўных беларусаў: бацькі - Аляксандар (святар) і Еўдакія (з дому Паповых) Стукалічы. Вучыўся ў 5-й Веліжскай школе. У родным горадзе скончыў педагагічны тэхнікум. Працаваць настаўнікам, аднак, не дазволілі - меў варожае савецкай уладзе сацыяльнае паходжанне. Служыў у войску, дзе быў карэспандэнтам армейскай газеты. У сярэдзіне 1930-х гадоў выехаў у Маскву. Спачатку працаваў на будоўлі, пазней уладкаваўся на хімічную фабрыку. Як празаік дэбютаваў у 1929 г. на старонках часопіса «Узвышша». Супрацоўнічаў з беларускімі перыядычнымі выданнямі «Маладняк», «Полымя рэвалюцыі» і інш. У 1930-я гады асобнымі кніжкамі выйшлі яго аповесці «Сьмерць Ірмы Лаймінг» (1932) і «Формула супраціўленьня касьцей» (1937). Напярэдадні Другой сусветнай вайны жыў у Віцебску. У студзені 1941 г. быў арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Пасля акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі застаўся ў Віцебску. Прымаў удзел у дзейнасці беларускіх грамадскіх і культурных арганізацый. Выступаў у перыядычным друку як публіцыст. Пасля 1943 г. пераехаў з сям'ёй у Менск. З 1944 г. - у эміграцыі. У пасляваенны час жыў у Германіі. Рэдагаваў і выдаваў беларускі царкоўна-рэлігійны часопіс «Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі» (1946-1947). На старонках выдання асвятляў нацыянальна-рэлігійнае жыццё і дзейнасць беларускай праваслаўнай царквы ў Заходняй Эўропе. Працаваў над укладаннем хрэстаматыі «Рэлігія ў творчасьці беларускіх пісьменьнікаў». Адзін з заснавальнікаў беларускага літаратурнага згуртавання «Шыпшына» (1945-1946, Берлін-Рэгенсбург). У 1946-1950 гг. рэдагаваў друкаваны орган згуртавання - літаратурна-мастацкі часопіс «Шыпшына». Выдаваў бюлетэнь «Біс» («Беларуская інфармацыйная служба»). Са снежня 1948 г. - рэдактар грамадска-палітычнай газеты «Беларускае слова» (1948-1949). На пачатку 1950-х гадоў пераехаў у ЗША. Як публіцыст выступаў на старонках шэрагу беларускіх і расейскіх эмігранцкіх перыядычных выданняў («Бацькаўшчына», Мюнхен; «Беларус», Нью-Ёрк; «Божым шляхам», Парыж-Лондан; «Новое русское слово», Нью-Ёрк). Аўтар дакументальна-эсэістычнай кнігі «Мы дойдзем», аповесцей і апавяданняў. Памёр 04.01.1975 у г. Саўт-Рывер. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку.

Літ.: Вініцкі А.; Царкоўны Сьветач (Саўт-Рывер). 1975. № 1-2; Божым шляхам (Лондан). 1975. № 1-2; Юрэвіч Л., 1997; Віцьбіч Ю.

Паведаміць пра недакладнасьць