Шалкевіч Міхаіл (1891-1972), каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 18.09.1891 у в. Дубовая Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Мацей і Эва (з дому Усавых) Шалкевічы. Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі (1911). З 16.09.1911 - студэнт Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Удзельнічаў у працы культурна-асветнага гуртка беларусаў-клерыкаў. Пасвячоны ў святары 15.08.1915. З пачатку душпастырскай дзейнасці шырока звяртаўся да вернікаў з беларускімі казаннямі. Праводзіў на беларускай мове катэхізацыю дзяцей у беларускіх каталіцкіх парафіях. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. У 1917-1921 гг. - вікарый, а пазней пробашч у парафіі Мосар Дзісенскага дэканата. Карыстаўся глыбокай павагай парафіян. Быў аднагалосна абраны старшынёй мясцовага валаснога камітэта. З 1922 г. служыў пробашчам у парафіі Тракелі Лідскага дэканата. Распаўсюджваў сярод вернікаў і насельніцтва каталіцкую перыёдыку і рэлігійныя кніжныя выданні на беларускай мове. За культурна-асветную і рэлігійную працу праследаваўся польскімі свецкімі ўладамі. У 2-й палове 1920-х гадоў быў абвінавачаны ў антыдзяржаўнай дзейнасці. Пракуратура Віленскага акруговага суда больш года вяла следства па справе святара М.Шалкевіча і яго «беларускай прапаганды» (14.04.1926-30.09.1927), але спыніла з-за недастатковасці фактаў. З канца 1930-х і да пачатку 1950-х гадоў выконваў святарскія абавязкі ў Віленскай архідыяцэзіі. Праследаваўся савецкімі ўладамі. У 1-й палове 1950-х гадоў выехаў у Польшчу. З 06.04.1959 - рэзідэнт у парафіі Святога Мікалая ў г. Эльбланг. У 1960 г. працаваў адміністратарам рымска-каталіцкага касцёла ў мясцовасці Бянова Мальбарк-Штумскага дэканата Вармінскай дыяцэзіі. Памёр у 1972 г.

Літ.: LAMBRS, ф. 318, каталог «Ш»; LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 510; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Усходняя Беларусь; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1934. № 8; Spis duchowieństwa, 1959; 1967.

Паведаміць пра недакладнасьць