Штафінскі Зыгмунт (1893-1932), каталіцкі святар заходняга абраду, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 29.04.1893 у в. Дамброва Беластоцкая Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з беларускай сялянскай сям'і: бацькі - Андрэй і Дамініка (з дому Квасоўскіх) Штафінскія. Скончыў гарадскую 3-класную навучальню ў г. Саколка (1909). Вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня ў Пецярбургскай навучальнай акрузе (снежань 1911). З 1912 г. - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пры паступленні назваў сябе беларусам. З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1919 г. Душпастырскія абавязкі выконваў на пасадзе вікарыя. З 1922 г. служыў у парафіі Лаварышкі Ашмянскага дэканата. У 1927 г. прызначаны пробашчам у парафію Аляны Віленскага дэканата. Пазней служыў вікарыем у Дзятлаве (з 1930). У 1931 г. пераведзены ў мясцовасць Парафіянава Надвілейскага дэканата. Матэрыяльна падтрымліваў беларускія рэлігійныя перыядычныя выданні. Памёр 28.12.1932.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Ш»; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521; Directorium... Vilnensi; Catalogus... Vilnensis; Krynica (Вільня). 1920, № 2; Chryścijanskaja Dumka (Вільня). 1933. № 1.

Паведаміць пра недакладнасьць