Шырокі Станіслаў (1881-1956), каталіцкі святар заходняга абраду, магістр тэалогіі, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 21.10.1881 у в. Чапялі Сакольскага павета Гарадзенскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і Міхаіла Шырокага. Вучыўся ў Сакольскай павятовай навучальні. З кастрычніка 1901 г. - клерык Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвячоны ў святары ў 1905 г. У 1909-1912 гг. - адміністратар у парафіі Ружаны Лідскага дэканата. Выказаў жаданне вучыцца за свой кошт у Мітрапалітальнай каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу. У час вучобы далучыўся да дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка студэнтаў-клерыкаў. Удзельнік 1-га з'езда беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябра саюза ксяндзоў-беларусаў. З 1917 г. - пробашч у парафіі Парафіянава Надвілейскага дэканата. Выступаў за беларусізацыю нацыянальна-рэлігійнага жыцця сярод католікаў-беларусаў. 27.12.1919 абраны ў раду прасінадальных суддзяў пры біскупскай курыі Віленскай дыяцэзіі. З 1924 г. выконваў святарскія абавязкі ў парафіі Янава Сакольскага дэканата. З 1933 г. служыў пробашчам у парафіі Крынкі і адначасова кіраваў Бераставіцкім дэканатам. У 1935 г. пераведзены ў парафію Кузніца Сакольскага дэканата. Быў сталым падпісчыкам беларускага рэлігійнага каталіцкага выдання «Chryścijanskaja Dumka». Памёр у 1956 г.

Літ.: LMABRS, ф. 318, каталог «Ш»; LVIA, ф. 694, воп. 1, спр. 2521, 2770; LCVA, ф. 131, воп. 2, спр. 389; ЦГИА, ф. 46, воп. 1, спр. 1492; РГИА, ф. 826, воп. 128, спр. 966; ф. 826, воп. 1, спр. 2221; Directorium... Vilnensi; Directorium... Mohiloviensi; Catalogus... Vilnensis; Spis kościołów, 1973; 1979.

Паведаміць пра недакладнасьць