Арлан-белахвост (Haliaeetus albicilla L., 1758)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі гнездавальны від. Занесены ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. У сусветнай фауне род арланаў прадстаўлены 8, у Беларусі 1 відам.
Кароткае апісанне. Самая буйная з драпежных птушак, якія гняздуюцца ў Беларусі. Даўжыня цела 80-98 см, маса да 6,5 кг, размах крылаў да 2-2,4 м. Афарбоўка цела бурая, галава больш светлая, кароткі, злёгку клінападобны хвост чыста белы. Маладыя птушкі цёмна-бурыя з цёмным хвастом. Самкі буйнейшыя за самцоў.
Пашырэнне. Гняздуецца ва Ўсходняй і Паўночнай Эўропе, у Паўночнай Азіі і Грэнландыі. Праз Беларусь праходзіць заходняя мяжа арэала віду. Большасць месцаў гнездавання прымеркавана да раёнаў Беларускага Паазер'я [2].
Месцы пражывання. Старыя лясы, у асноўным бары, зарослыя высечкі з асобнымі дрэвамі пасярод іх, зрэдку ўскраіны балот паблізу буйных азёр і значных па плошчы рыбагадоўчых гаспадарак [2, 3].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Гнездавая папуляцыя арлана-белахвоста ў Беларускім Паазер'і ацэньваецца ў 20-25 пар [4]. Тут выяўлена 7 гнездавых участкаў і 17 гнёздаў на іх у Верхнядзвінскім, Расонскім і Гарадоцкім раёнах [5]. Акрамя таго, у гнездавы перыяд птушкі рэгулярна адзначаюцца таксама ва Ўшацкім, Полацкім і Пастаўскім раёнах [5]. Для іншых абласцей Беларусі колькасць не ўстаноўлена. У траўні 1981 г. арлан-белахвост адзначаны каля в. Верхнія Жары ў Гомельскай вобласці [6]. Ёсць сведчанні пра гнездаванне яго ў Прыпяцкім запаведніку [7] і штогод каля Выганаўскага возера [3, 8]. На гнездаванні птушка зарэгістравана ў 1976 г. ў Мастоўскім раёне [9], у гнездавы перыяд (11.07.1983 г.) адзначана ў наваколлі рыбгаса «Сялец» у Бярозаўскім раёне [10]. На Палессі ў 1965 г. меркавалася наяўнасць адной пары птушак на гнездаванні за 2-3 км на паўночны ўсход ад возера Бабровіцкае і другой пары паміж гэтым возерам, возерам Выганаўскае і р. Шчара каля балота Пагоня [20]. Зімой арлан адзначаны паблізу сажалак рыбгасаў «Страдзеч» у Берасцейскім і «Чырвоная зорка» ў Жыткавіцкім раёнах. Некаторыя даныя сведчаць пра з'яўленне арланаў на наваствораных вадасховішчах і вадаёмах буйных рыбгасаў, напрыклад, каля рыбгаса «Навінкі» ў Пастаўскім раёне [5].
Асноўныя абмежавальныя фактары. Браканьерскі адстрэл, асабліва на сажалках рыбгасаў [11, 12]. Гібель у капканах і на атручаных прынадах птушак, што часам зімуюць на поўдні краіны. Пераўтварэнне гнездавых біятопаў у выніку суцэльных высечак лесу. Вядомы 2 выпадкі высечкі дрэў з гнёздамі арланаў у Расонскім лясгасе, тут таксама вядомы выпадак вымання кладкі яек калекцыянерамі [5]. Умовы палявання арланаў істотна пагаршаюцца з-за павышанага рэкрэацыйнага выкарыстання азёр і вадасховішчаў.
Асаблівасці біялогіі. Гняздуецца на адлегласці ад 300 м да 3 км ад асноўных кармавых вадаёмаў. Гнёзды вялікія, будуюцца каля верхавін хвой, асін, радзей вольхаў і бяроз. Вельмі кансерватыўны ў адносінах да аднойчы выбранага гнездавога ўчастка. Ва ўрочышчы Арлоўка ў Верхнядзвінскім раёне ён гняздуецца больш за 20 гадоў запар, змяніў за гэты час 8 гнёздаў [2, 5]. Кладка пачынаецца з сярэдзіны сакавіка. У ёй 2, вельмі рэдка 3, яйкі памерамі ў сярэднім 72,7 x 54,1 мм [5]. Наседжванне каля 38 сутак, птушаняты вылупліваюцца ў першай палове траўня, гнёзды пакідаюць з сярэдзіны ліпеня. Для Беларускага Паазер'я на кожную пару, што прыступіла да размнажэння, прыпадае па 2 яйкі, 1,3 птушаняці, 1,2 моладзі, якая вылецела [2, 4]. Аснову корму складаюць птушкі і рыба, у невялікай колькасці здабывае млекакормячых, вельмі рэдка падбірае мярцвячыну [4]. На пралёце трапляецца на большасці буйных азёр Віцебскай вобласці, штогод 1-5 птушак пралятаюць праз Бярэзінскі запаведнік, аднойчы адзначаны пралёт праз Белавежскую пушчу. 12.10.1985 г. птушку назіралі ў рыбгасе «Трэмля» ў Гомельскай вобл. [5, 8, 13, 14]. Зрэдку зімуе на поўдні Беларусі: 11.12.1983 г. адзначаны на ачышчальных збудаваннях на Берасцейшчыне, 14.12.1985 г. маладую самку здабылі ў Лагойскім раёне, у студзені-лютым 1980 г. пара птушак зімавала на сажалках рыбгаса «Чырвоная зорка» [10, 15, 16].
Развядзенне. Доследы па вальернаму развядзенню праводзяць у Германіі, Швецыі, Вялікабрытаніі [1].
Прынятыя меры аховы. Паляванне на арлана-белахвоста забаронена [17]. Вакол вядомых гнёздаў утвораны ахоўныя зоны радыусам 250 м [18]. З 1983 г. ў Віцебскай вобласці даследуецца магчымасць прываблівання птушкі на штучныя гнёзды (засялілі адно з іх) [19]. Ахоўваецца ў Выганаўскім, Асвейскім і Юхавіцкім заказніках, у Бярэзінскім і Прыпяцкім запаведніках. Від уключаны ў Дадатак 1 «Канвенцыі аб міжнародным гандлі відамі дзікай фауны і флоры, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення». Шэраг месцаў пражывання ахоўваюцца паводле канвенцыі аб водна-балотных угоддзях, якія маюць міжнароднае значэнне.
Неабходныя меры аховы. Забарона высечкі лясоў у 500-метровай палосе вакол азёр, вадасховішчаў і рыбагадоўчых сажалак, прымянення атручаных прынад і наземнай устаноўкі капканаў бліжэй за 50 м ад прынады, правядзення палявання на вадаплаўную дзічыну на сажалках рыбгасаў. Прывабліванне з дапамогай штучных гняздоўяў на ўсёй тэрыторыі Беларусі. У асенне-зімовы перыяд падкормка арланаў у месцах іх зімоўкі на поўдні краіны. Выяўленне новых месцаў гнездавання.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Ивановский, 1982; 3. Голодушко, 1976; 4. Ивановский, 1985 а; 5. Іваноўскі (асаб. павед.); 6. Самофалов, 1985; 7. Клакоцкий, Вадковский, 1985; 8. Ракоўскі (асаб. павед.); 9. Чырвоная кніга БССР, 1981; 10. Казулін (асаб. павед.); 11. Вадковский, 1971; 12. Ивановский, 1985 б; 13. Клакоцкі (асаб. павед.); 14. Харужы (асаб. павед.); 15. Пузанкевіч (асаб. павед.); 16. Шокала (асаб. павед.); 17. Положение, 1987; 18. Дорофеев, Ивановский, 1982; 19. Ивановский, 1985 в; 20. Падутов, 1967.

У.Іваноўскі

Паведаміць пра недакладнасьць