Белая курапатка (Lagopus lagopus L., 1758)
Атрад Курападобныя (Galliformes), сямейства Цецеруковыя (Tetraonidae)

Статус. I катэгорыя. Рэдкі від, колькасць і пашырэнне якога скарачаюцца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў роду. Адзіны прадстаўнік роду ў Беларусі.
Кароткае апісанне. Птушка сярэдняй велічыні, маса 650-750 г. Ярка выражаны сезонны і, у меньшай ступені, полавы дымарфізм: у самца 4, а ў самкі 3 сезонныя ўбранні за год. Зімой абедзве птушкі маюць белае апярэнне. Вясной у самцоў тулава, крылы і хвост белыя, а галава, шыя і валляк - каштанава-рыжыя. Самка пасля зімы адразу прымае летняе ўбранне, якое, як і ў самца, летам мае рыжаватыя, жаўтаватыя і бураватыя таны, прычым афарбоўка самкі больш бледная. Восенню афарбоўка самца і самкі амаль аднолькавая - на фоне летняга ўбрання паяўляюцца ярка-рыжыя пёры.
Пашырэнне. Арэал віду цыркумпалярны. Уключае тундры Эўразіі і Паўночнай Амерыкі, прасціраецца на поўдзень у зону лясоў, лесастэпы, да гор Паўночнага Казахстана і Манголіі ў Азіі і да Канады ўключна ў Амерыцы. У 18-19 ст. арэал уключаў лесастэпавыя раёны Ўкраіны. Да 1930-х гг. паўднёвая мяжа пашырэння віду праходзіла ўжо па тэрыторыі Беларусі на шыраце г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага раёна, пазней перамясцілася яшчэ далей на поўнач да шыраты Пухавіч і Рудзенска. Паводле звестак 1956-1960, 1972-1973 гг. паўднёвая мяжа арэала белай курапаткі праходзіць па ўмоўнай лініі Горкі - Магілеў - Клічаў - Бабруйск - Глуск - Старыя Дарогі - Узда - Стоўбцы - Паставы [1]. На поўнач ад яе птушка назіралася на мохавых балотах у ваколіцах Чашнікаў, Сянно, Міёр, Браслава, Бешанковіч, Гарадка, Полацка, Лепеля, Бягомля, Бялынічаў, Быхава, Кіраўска, Асіповіч, Крупак, Барысава, Узды, Пухавіч [2]. Белая курапатка адзначана ў 1984 г. на Дзяшчанскім балоце каля в. Карма ў Уздзенскім раёне [3]. Нешматлікія яе сустрэчы ў пачатку 1980-х гг. адносяцца да раёнаў яе мінулага пражывання.
Месцы пражывання. Вярховыя балоты з нізкарослай (3-4 м) сасной і рэдкім дамешкам бярозы.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Крайне нізкая. У Лепельскім раёне адзначана ў сярэднім адна гнездавальная пара на 200 га балот, летам каля Бешанковіч і Магілева на 300-600 га траплялася не больш за 3 вывадкі [4]. У зімовых чародках ад 3 да 9 асобін. У 1990 г. на 10 вярховых балотах на плошчы 4486 га ў Віцебскай вобласці выяўлена 70 асобін, а таксама 28 разарваных драпежнікамі птушак [5]. Змены колькасці не высветлены, але раёны пражывання птушак скарачаюцца.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Пацяпленне клімату ў апошняе стагоддзе, якое ўскосна адбілася на ўмовах здабычы корму птушкамі: частыя зімовыя адлігі пагоршылі ломкасць парасткаў раслін (вярбы, бярозы, асіны), якімі харчуюцца птушкі, і магчымасці іх выкарыстання. Вядома, што курапатка корміцца таксама ягадамі багнаўкі, а арэал гэтай расліны адпавядае сучаснай вобласці пашырэння птушкі ў Беларусі [2]. Пры раннім сходзе снежнага покрыва або ў бясснежныя зімы белыя птушкі добра прыкметныя і знішчаюцца драпежнікамі [5]. Змена месцаў пражывання ў выніку меліярацыйных работ і іншай гаспадарчай дзейнасці на вярховых балотах.
Асаблівасці біялогіі. Шлюбныя гульні пачынаюцца пасля паяўлення праталін - 2-17 красавіка, працякаюць найбольш інтэнсіўна 20-25 красавіка, заканчваюцца 20-28 траўня. Такаванне паміж 3-6 гадзінамі, рэдка пазней. Гнёзды робіць на мохавых купінах, часта схаваны пад галінкамі багуну або іншых балотных раслін. У кладцы 8-12 яек памерамі 42,7 x 30,8 мм, бледна жоўтых з карычневымі і бураватымі плямінкамі і крапінкамі [6]. Знаходкі гнязда 14 траўня 1962 г. з 8 слаба наседжанымі яйкамі ў Гарадоцкім раёне [7] і гнязда 30 траўня 1985 г. з 1 яйкам у Міёрскім раёне [8] сведчаць аб тым, што свежыя і наседжаныя кладкі ў гнёздах трапляюцца ўвесь травень. Лётны маладняк - у сярэдзіне чэрвеня, дасягае вагі дарослых птушак у пачатку верасня. Зімой корміцца пупышкамі і парасткамі вярбы і бярозы, вясной, летам і восенню - лісцем падбелу, талакнянкі, багнаўкі і чарніц.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. З 1925 г. здабыча віду забаронена паляўнічым заканадаўствам [9]. Белая курапатка занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [10].
Неабходныя меры аховы. Вылучэнне абсалютных зон спакою на балотах, занятых птушкамі, прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Долбик, Дорофеев, 1978; 2. Долбик, 1964; 3. Самусенка (асаб. павед.); 4. Фоменков, 1967; 5. Парейко и др., 1990; 6. Федюшин, Долбик, 1967; 7. Дорофеев, 1970; 8. Іваноўскі (асаб. павед.); 9. Положение, 1987; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.

М.Долбік, М.Нікіфараў

Паведаміць пра недакладнасьць