Звычайная пустальга (Falco tinnunculus L., 1758)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Сакаліныя (Falconidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з прадстаўнікоў даволі шматлікага і пашыранага сямейства ў фауне ўсходняй Галарктыкі.
Кароткае апісанне. Дробны сокал, даўжыня цела 33-38 см, маса 180-240 г, размах крылаў 0,69-0,82 м. Самкі большыя за самцоў. У самцоў верх галавы і надхвосця светла-шызыя, рулявыя пёры шызыя, з белымі кончыкамі і чорнай папярочнай палоскай, спіна рыжая з чорнымі плямамі. У самак рулявыя пёры рыжаватыя, з папярочнымі бурымі палосамі. Спіна рыжая з чорнымі папярочнымі палосамі.
Пашырэнне. Эўразія, Паўночная Афрыка. У Беларусі пустальга пашырана паўсюдна, але ў гнездавы перыяд вельмі спарадычна. У апошнія гады яна больш рэгулярна трапляецца ў паўночных і цэнтральных раёнах краіны [1-8], рэгулярна і раўнамерна адзначаецца ў паўднёва-заходняй часцы [9-15], радзей ва ўсходніх раёнах [8].
Месцы пражывання. Адкрытыя прасторы, у тым ліку сельгасугоддзі, узлескі, астраўныя лясы, участкі драбналесся, зарослыя яры, ускраіны населеных пунктаў, полеахоўныя палосы, могілкі, гаі, якія гранічаць або размешчаны сярод вялізных лясоў, палёў, выганаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. Невысокая. У ваколіцах Менска ў радыусе не больш за 5 км у 1983-1986 гг. гнездавалася 8-10 пар [6, 8]. У некаторых месцах (лакальна) колькасць можа быць высокай. У арніталагічным заказніку «Дымаўшчына» (Віцебскі раён) на плошчы каля 300 га ў 1985-1987 гг. гнездавалася 6-7 пар [3, 4]. У Дзяржынскім раёне на ўчастку лесу плошчай 50 га у наваколлі в. Слабада ў 1982-1986 гг. гнездавалася ад 8 да 12 пар [8]. У 1960-я гады колькасць пустальгі мела тэндэнцыю да зніжэння, цяпер, відаць, некалькі стабілізавалася.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Знішчэнне астраўных участкаў лесу і рэдкалесся пры меліярацыі тэрыторый, прымяненне мінеральных угнаенняў і пестыцыдаў, і магчыма, негатыўнае ўздзеянне крумкачовых птушак, асабліва ў культурных ландшафтах.
Асаблівасці біялогіі. Гняздуецца ў асноўным парамі, вядомы выпадак блізкага суседства 2-3 пар і нават каланіяльныя пасяленні (да 10-12 пар). Гнёзды будуе на дрэвах. Часам засяляе старыя гнёзды шэрай вароны, а таксама сарокі, грака, крумкача. Вядома гнездаванне ў вентыляцыйным акне высотнага будынка [16]. Кладкі паяўляюцца ў першай-другой дэкадах траўня. У кладцы 4-6, зрэдку 3 або 7 яек памерамі 39,3 x 30,7 мм. Наседжванне доўжыцца 27-30 сутак. Птушаняты знаходзяцца ў гняздзе каля месяца, вылятаюць у канцы чэрвеня - першай палове ліпеня. Адзінкавыя птушкі зімуюць у Беларусі [6, 12, 16]. Кормяцца пераважна мышападобнымі грызунамі, сярод якіх дамінуе звычайная палёўка [6, 17].
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча пустальгі ў Беларусі забаронена [8]. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [19]. Ахоўваецца ў арніталагічным заказніку «Дымаўшчына».
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя заказніка на месцы каланіяльнага пасялення пустальгі (Дзяржынскі раён). Прывабліванне птушак з дапамогай штучных гняздоўяў. Фармаванне шляхам інтрадукцыі і прываблівання ўрбанізаванай папуляцыі ў наваколлі Менска.

Літ.: 1. Грычык (асаб. павед.); 2. Дарафееў (асаб. павед.); 3. Іваноўскі (асаб. павед.); 4. Казлоў (асаб. павед.); 5. Кузьменка (асаб. павед.); 6. Цішачкін (асаб. павед.); 7. Шкляроў (асаб. павед.); 8. Ямінскі (асаб. павед.); 9. Лычкоўскі (асаб. павед.); 10. Бышнёў (асаб. павед.); 11. Дзямянчык (асаб. павед.); 12. Нікіфараў (асаб. павед.); 13. Рыкоўскі (асаб. павед.); 14. Федзюкоў (асаб. павед.); 15. Тасмінскі (асаб. павед.); 16. Шокала (асаб. павед.); 17. Долбик, Дорофеев, 1979; 18. Положение, 1978; 19. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Б.Ямінскі

Паведаміць пра недакладнасьць