Малы падворлік (Aquila pomarina Brehm, 1831)
Атрад Сокалападобныя (Falconiformes), сямейства Ястрабіныя (Accipitridae)

Статус. III катэгорыя. Нешматлікі від, колькасць якога скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Прадстаўнік політыпічнага роду, адзін з 3 відаў у Беларусі.
Кароткае апісанне. У палявых умовах з вялікай цяжкасцю адрозніваюць ад падворліка вялікага. Буйная птушка. Даўжыня цела да 65 см, маса да 1,8 кг, размах крылаў 134-159 см. Афарбоўка цёмна-бурая, з больш светлымі мантыяй і ніжнімі покрыўнымі пёрамі. Маладыя птушкі цямнейшыя, з рэдкімі вохрыстымі плямамі на верхнім баку цела і рыжай плямай на патыліцы. Самкі некалькі больш буйныя за самцоў.
Пашырэнне. Від з раз'яднаным арэалам. Вузкаарэальны від Сярэдняй Эўропы, праз Беларусь праходзіць яго ўсходняя мяжа. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі, але спарадычна. У Віцебскай вобласці вядомы 18 месцаў пастаяннага гнездавання і 7 месцаў, дзе від падворліка вызначыць не ўдалося, а таксама зарэгістраваны шматлікія сустрэчы птушак у гнездавы перыяд у розных раёнах вобласці [1-4]. У Белавежскай пушчы ў 1974-1979 гг. гнездавалася не меней за 3 пары [5], у наваколлі Жодзіна ў 1985-1986 гг. - 4 пары [6]. Жылыя гнёзды выяўлены ў 1973 г. ў Рэчыцкім, у 1983 г. ў Гомельскім [7], у 1981 г. ў Смалявіцкім і Мядзельскім раёнах [8, 9]. У гнездавы перыяд пары і асобныя птушкі адзначаны ў Столінскім і Жыткавіцкім, у 1985 г. ў Пружанскім і Наваградскім раёнах [8, 9].
Месцы пражывання. Вільготныя лісцевыя і мяшаныя лясы паблізу адкрытых забалочаных поймаў і азёр, нізінных і пераходных балот, сырых лугоў. Не пазбягае і аграландшафтаў.
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У 1940-1950-я гг. у Беларусі звычайны, месцамі шматлікі від [10-12]. У 1960-1970-я гг. колькасць стала памяншацца, месцамі ўпала ў 2 разы [1, 10, 13]. Да пачатку 1980-х гг. у некаторых раёнах стаў рэдкім відам [5], хоць у шэрагу ўрочышчаў, якія гаспадарчая дзейнасць закранула слаба, яшчэ захаваў высокую колькасць [2, 6]. Для Віцебскай вобласці колькасць ацэньваецца ў 120-150 пар [2]. Цяпер стан папуляцыі малога падворліка ў Беларусі належыць лічыць адносна добрым.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне нізінных і пераходных балот, выпростванне рэчышчаў, акультурванне поймавых лугоў, меліярацыя лясоў [2, 5]. Драпежніцкая актыўнасць куніцы. Знішчэнне гнёздаў пры суцэльных высечках лесу. Браканьерскі адстрэл. У Белавежскай пушчы ў 1956-1960 гг. было адстраляна 19 малых падворлікаў [11] і адстрэл іх працягваўся да 1974 г. [5].
Асаблівасці біялогіі. У месцы гнездавання прылятае ў другой палове сакавіка - першай палове красавіка [2, 10]. Гнёзды будуе сам або займае старыя гнёзды канюка, цецяроўніка, чорнага бусла. Размяшчае іх за 50-800 м ад адкрытых плошчаў на елках, вольхах, дубах, бярозах, ясенях, соснах, асінах [2, 6-10]. Кладка ў апошнія дні красавіка - пачатку траўня, як правіла, з 2 яек памерамі 64,1 x 50,3 мм. Наседжванне доўжыцца каля 43 сутак. Птушаняты вылупліваюцца ў апошнія дні траўня-чэрвені [2, 10, 11]. Пры наяўнасці ў гняздзе 2 птушанят адно з іх гіне на 3-4 дзень жыцця [2, 11]. Злёткі пакідаюць гняздо ў першай палове жніўня [2]. Аснову корму складаюць земнаводныя і дробныя грызуны, радзей корміцца птушкамі і паўзунамі [2]. Паляўнічы ўчастак складае ў сярэднім 360 га [11]. Адлёт да канца верасня.
Развядзенне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Здабыча птушак і разбурэнне гнёздаў забаронены [14]. У Віцебскай вобласці вакол вядомых гнёздаў вылучаны ахоўныя зоны радыусам 50-250 м [2, 15].
Неабходныя меры аховы. Павелічэнне памераў дзейных штрафаў за здабычу птушак, разбурэнне гнёздаў і выманне з іх яек. Абсталяванне гнездавых дрэў прыладамі супраць куніцы (конусы з бляхі або калючага дроту на ствалах). Прывабліванне птушак з дапамогай штучных гняздоўяў [16]. Павышэнне прадукцыйнасці размнажэння метадам выкарыстання «прыёмных бацькоў» - адно з птушанят адразу пасля вылуплівання вымаюць і падкладваюць у гняздо, напрыклад, канюка, а неўзабаве перад вылетам вяртаюць яго ў гняздо сапраўдных бацькоў [2, 10]. Забарона высякаць дрэвы з гнёздамі любых драпежных птушак. Улік і ахова гняздоўяў. Прапаганда аховы віду.

Літ.: 1. Волков, 1975; 2. Іваноўскі (асаб. павед.); 3. Цішачкін (асаб. павед.); 4. Дарафееў (асаб. павед.); 5. Дацкевич, Попенко, 1981; 6. Пузанкевіч (асаб. павед.); 7. Самусеў (асаб. павед.); 8. Нікіфараў (асаб. павед.); 9. Ямінскі (асаб. павед.); 10. Федюшин, Долбик, 1967; 11. Голодушко, 1965; 12. Дорофеев, 1970; 13. Дацкевич, 1971; 14. Положение, 1987; 15. Дорофеев, Ивановский, 1982; 16. Дробялис, 1985; 17. Meyburg, 1971.

У.Іваноўскі

Паведаміць пра недакладнасьць