Чаротная рапуха (Bufo calamita Laur., 1768)
Атрад Бясхвостыя (Ecaudata (Anura)), сямейства Рапухі (Bufonidae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць скарачаецца. Па Беларусі праходзіць усходняя мяжа арэала. Занесена ў Чырвоную кнігу СССР [1].
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзін з 3 відаў рапух у фауне Беларусі. У сусветнай фауне род рапух налічвае больш за 250 відаў.
Кароткае апісанне. Даўжыня цела 4-6 см. Канечнасці адносна кароткія. У адрозненне ад іншых рапух Беларусі чаротная рапуха не поўзае, не скача, а адносна хутка бегае. Скура бугрыстая, шаравата-аліўкавага колеру з цёмнымі плямамі. Уздоўж галавы і спіны праходзіць светлая вузкая палоска, што з'яўляецца найбольш характэрнай прыкметай, якая адрознівае чаротную рапуху ад іншых рапух.
Пашырэнне. Эўропа. Усходняя мяжа арэала праходзіць па Прыбалтыцы, Беларусі (прыкладна па лініі Лепель - Бабруйск) [2] і паўночнаму захаду Ўкраіны. У Беларусі пашырана спарадычна і нераўнамерна.
Месцы пражывання. Участкі з пясчанымі глебамі, якія гранічаць з забалочанымі месцамі і вадаёмамі, узлескі хваёвых лясоў, дзюны, лугі, абочыны палёў, агароды, паркі [2]. Можа жыць на меліяраваных тэрыторыях [5].
Колькасць і тэндэнцыі яе змянення. У найбольш спрыяльных месцах жыве 25-200 асобін на плошчы 1 гектар. Колькасць у цэлым па краіне нязначная, за выключэннем асобных участкаў, дзе від можа дамінаваць [2, 3]. Колькасць рэзка мяняецца ў прыродных умовах [2, 4]. Пад уплывам асушальнай меліярацыі і іншых формаў гаспадарчага асваення зямель, якія прыводзяць да знікнення вадаёмаў размнажэння, колькасць мае тэндэнцыю да зніжэння.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Татальная (не пакідаючая прыродных рэзерватаў і вадаёмаў) асушальная меліярацыя і ўзмацненне гаспадарчага прэсу на месцы пражывання прыводзяць да забруджвання і ліквідацыі вадаёмаў размнажэння [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Ярка выяўлена актыўнасць на змярканні, днём трапляецца толькі ў пахмурную пагоду, звычайна хаваецца ў норах, пад камянямі, бярвеннем, закопваецца ў пясок. Корміцца ў асноўным насякомымі і іх лічынкамі. Полавая спеласць у 3-4 гады. Адкладванне ікры з красавіка па жнівень. Самцы падаюць гучныя, рэзкія і скрыпучыя шлюбныя крыкі. Самка адкладвае 3-4 тыс. ікрынак, размешчаных у два рады шнурамі даўжынёй да 1,5-1,8 м. Развіццё лічынак доўжыцца каля 50 сутак, пасля чаго маладыя асобіны пакідаюць вадаёмы і жывуць на сушы [2, 5].
Развядзенне. Утрымліваецца ў тэрарыумах аматарамі, ёсць вопыт паспяховага развядзення ў лабараторных умовах [1].
Прынятыя меры аховы. Агульны ахоўны рэжым на запаведных тэрыторыях, спецыяльныя меры не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Максімальнае зберажэнне рэзерватаў з вадаёмамі ў паніжэннях у час меліярацыйных работ; стварэнне запаведнага ўчастка ў раёне Вілейскага вадасховішча; прапаганда аховы земнаводных.

Літ.: 1. Красная книга СССР, 1984; 2. Пикулик, 1985; 3. Бахарев, 1986; 4. Сапоженков, 1961; 5. Падутов, 1987; 6. Определитель земноводных и пресмыкающихся фауны СССР, 1977.

М.Пікулік

Паведаміць пра недакладнасьць