Райніс Яніс (Rainis Jānis; сапраўднае прозвішча - Пліекшанс; 1865-1929), нарадзіўся 11.09.1865 года на хутары Варславаны Курляндскай губерніі ў сям'і селяніна-арандатара. Пасля заканчэння гімназіі ў 1884 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Скончыў гэты факультэт у 1888 годзе і некалькі гадоў займаўся юрыдычнай практыкай у Вільні і Елгаве. Першыя вершы Я.Райніса з'явіліся ў друку ў 1887 годзе. З 1891 па 1895 год ён рэдагаваў часопіс «Дыенас лапа», які выходзіў у Рызе. За падпольную рэвалюцыйную работу пераследваўся царскімі ўладамі: у 1897-1903 гг. знаходзіўся ў высылцы на Пскоўшчыне, у 1905 годзе мусіў выехаць на эміграцыю ў Швейцарыю, дзе пражыў да 1920 года. У гэты перыяд з-пад яго пяра выйшлі зборнікі вершаў «Далёкія водгукі ў сінім вечары» (1903), «Пасеў буры» (1905), «Новая сіла» (1907), «Тыя, што не забываюць» (1911), «Канец і пачатак» (1912), «Вітаю цябе, вольная Латвія!» (1919), п'есы, драматычныя і філасофскія паэмы «Напалову ідэаліст» (1904), «Агонь і ноч» (1905), «Ave, sol!» (1910), «Ветрык, вей!» (1913), «Язэп і яго браты» (1920). У 1920-я гады Яніс Райніс - дэпутат парламента, міністр асветы Латвіі. У яго творчым даробку п'есы «Груган» (1921), «Гуляў я, скакаў» (1921), «Ілья Мурамец» (1928), зборнік вершаў «Хатняя муза» (1923), літаратурныя мемуары «Кастаньёла» (1928).

Яніс Райніс выяўляў вялікую цікавасць да беларускай культуры, добра валодаў беларускай мовай. У 1922 годзе ён быў абраны ганаровым сябрам культурна-асветнага таварыства беларусаў у Латвіі «Бацькаўшчына», у 1926 годзе выступаў у Мінску на акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу, прысутнічаў на адкрыцці Другога беларускага тэатра (цяпер - тэатр імя Якуба Коласа) ў Віцебску.

Памёр Яніс Райніс 12.09.1929 года ў Маярах.

Сярод перакладчыкаў твораў Яніса Райніса на беларускую мову - П.Масальскі, В.Сёмуха, С.Панізнік, Р.Барадулін, С.Дзяргай, Я.Дыла, Н.Гілевіч, А.Вольскі, К.Езавітаў, С.Грахоўскі і іншыя.

Крыніца: Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету. Менск, 1995.

Паведаміць пра недакладнасьць