Ефрасіння Полацкая (свецкае імя Прадслава, каля 1110(?)-23 або 25.05.1173), прадстаўніца хрысціянскага культурна-асветніцкага руху ў Полацкім княстве 12 ст. Першая жанчына гэтага перыяду, прылічаная да святых. Нарадзілася ў Полацку. Дачка полацкага князя Георгія Ўсяславіча, малодшага сына князя Ўсяслава Брачыславіча. У 2-й палове 11 - 1-й палове 12 ст. полацкае княства як самастойная і моцная дзяржава дасягнула высокага ўзроўню і ў культурным жыцці. Трывалымі былі гандлёвыя і культурныя сувязі Полацкага княства з краінамі Ўсходу і Захаду. Культурным сувязям з Візантыяй спрыялі сваяцкія адносіны полацкіх князёў з візантыйскім імператарскім домам. Менавіта ў гэтыя часы ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор і іншыя манументальныя царкоўныя пабудовы. Ёсць звесткі пра наяўнасць тут свайго летапісання. У духоўна-культурным жыцці Полацкага княства ўмацоўвалася хрысціянская ідэалогія, хоць язычніцкія ўяўленні былі яшчэ даволі моцныя нават у княжацкім асяроддзі. Аднак хрысціянская ідэалогія заваёўвала ўсё больш прыхільнікаў, якія імкнуліся сцвердзіць у жыцці ідэі падзвіжніцтва, асветы і кніжнасці. Асабліва важную ролю ў гэтым працэсе адыграла Е.П., звесткі пра дзейнасць якой дайшлі да нас з «Жыція Ефрасінні Полацкай», створанага, відаць, неўзабаве пасля яе смерці (старэйшы з вядомых спісаў датуецца 14 ст.). «Жыціе...» было шырока вядомае і папулярнае ў старажытнабеларускі перыяд. Стварэнне ў Полацкім княстве свайго «Жыція...» - важнае сведчанне культурнай суверэннасці дзяржавы, яе значнасці і сілы. Калі адлюстраванне дзяржаўна-палітычнай ролі княства знаходзіла сваю фіксацыю ў галіне летапісання, то ў духоўнай сферы гэта замацавана найперш у самім факце стварэння «Жыція...». Арыгінальнасць гэтага твора - у сцвярджэнні неабходнасці ведаў, любові да кнігі, у ідэі духоўнага ўдасканалення, праслаўленні падзвіжніцтва, самаадднаным служэнні вышэйшым маральным ідэалам.

Ефрасіння рана пастрыглася ў манахіні насуперак волі бацькоў, якія хацелі аддаць яе замуж. Пасяліўшыся ў келлі Сафійскага сабора, яна занялася перапіскай твораў рэлігійна-маральнага зместу. Гэта, відаць, былі пераважна пераклады з грэчаскіх арыгіналаў. Ёсць падставы меркаваць, што на той час у храме існавала майстэрня, дзе ствараліся і па-мастацку ўпрыгожваліся рукапісы, былі падрыхтаваны майстры і спецыяльнае абсталяванне. Відаць, яшчэ да прыходу Ефрасінні быў пакладзены пачатак вядомай бібліятэкі Полацкага Сафійскага сабора, якая паступова ператварылася ў буйны культурны цэнтр Полаччыны, дзе ствараліся і захоўваліся нацыянальныя духоўныя каштоўнасці, у т.л. летапісы і творы грэчаскай патрыстыкі. Ефрасіння заснавала ў Полацку жаночы і мужчынскі манастыры, была фундатарам пабудовы каля 1160 царквы святога Спаса (цяпер Спаса-Ефрасіннеўская), дзе размяшчаліся келлі Ефрасінні і яе сястры, і царквы Багародзіцкай. Спаская царква была багата ўпрыгожана фрэскамі, якія маюць вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць. Па заказе Ефрасінні полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161 быў зроблены напрастольны шасціканцавы крыж для царквы святога Спаса. Ён быў з кіпарысу, да яго пярэдняй і адваротнай паверхняў прымацаваны залатыя, да бакавых - сярэбраныя пласціны. Крыж быў аздоблены каштоўнымі камянямі, упрыгожаны выявамі евангелістаў, заснавальнікаў праваслаўя, святых Ефрасінні і яе бацькоў. Гэты выдатны ўзор прыкладнога мастацтва 12 ст. стаў найкаштоўнейшай нацыянальнай святыняй (у час другой сусветнай вайны крыж украдзены з Беларусі). Па просьбе Ефрасінні візантыйскі імператар Мануіл Комнін прыслаў для царквы святога Спаса адзін з трох абразоў (эфескі) Маці Боскай, створаных, паводле падання, евангелістам Лукою. Па яе загадзе гэты абраз быў упрыгожаны золатам, серабром і каштоўнымі камянямі (зараз знаходзіцца ў Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу). У канцы жыцця Ефрасіння здзейсніла паломніцтва ў Ерусалім, дзе і памерла. У 1187 яе мошчы былі перанесены ў Кіева-Пячорскую лаўру, а ў пач. 20 ст. - у Полацак.

«Жыціе Ефрасінні Полацкай» прасякнута пафасам сцвярджэння хрысціянскіх светапоглядных уяўленняў і імкненнем давесці іх ісціннасць. У ім даецца дастаткова разгорнутая змястоўна-паняційная аргументацыя і пра эфемернасць «славы зямной», і пра сутнаснае размежаванне свету тленнага і свету вечнага, і пра славутую, але няўстойліва-зніклівую прыгажосць бачнага свету гэтага. Відавочна цікавасць аўтара гэтага твора да шырокіх светапоглядных пытанняў эпохі сярэднявечча, хоць у жыццеапісанні выразна прысутнічае вузкацаркоўны і нават вузкаманаскі пласт зместу, спецыфічных павучанняў і норм, што, зразумела, сведчыць пра асяроддзе, у якім стваралася «Жыціе...». Актыўным суб'ектам сцвярджэння ісціннасці як ідэй і ўяўленняў шырокага светапогляднага плана, так і канкрэтных прадпісанняў дабрачыннасцей рэлігійнага служэння выступае ў творы сама Ефрасіння.

У адпаведнасці з законамі агіяграфічнага жанру ў «Жыціі...» паслядоўна апавядаецца пра бацькоў Ефрасінні, пра тое, як рана выявіліся ўстойлівыя духоўна-маральныя асновы яе чалавечай натуры. Паведамляецца, што ў яе рана выявілася любоў да ведаў і што хутка і шырока разышліся весткі пра яе мудрасць і прыгажосць. Асаблівая ўвага звяртаецца на ўнутраныя духоўныя рысы Ефрасінні, найперш на яе інтэлектуальную адоранасць: «Дан бяше таков дар Еуфросинии от Бога: аще кто ея вопрошаше о которой вещи, она же ему разрешаше чему есть быти». Хоць індывідуальна-асобасная характарыстыка ў абмалёўцы героя выходзіла за межы такога кананічнага жанру, у гэтым творы спалучэнне ўнутраных якасцей гераіні і патрабаванняў жанру ўспрымаецца арганічна. У духоўным свеце Ефрасінні на першае месца ставілася ідэя служэння Богу і вышэйшым духоўным каштоўнасцям, а яе дар - спасціжэння рэчаў і людзей, беспамылковага распазнання тых, хто ўнутрана схільны да служэння Богу і царкве - набываў рэлігійна-ідэалагічную інтэрпрэтацыю. «Дан бысть дар блаженой Ефросинии от Бога: аще кого узрит очима своима, то разумеваше в коем человеце сосуд избран хощеть быти Богови». У 12 гадоў Ефрасіння зрабіла найважнейшы свой духоўна-маральны выбар, які вызначыў увесь далейшы яе кірунак дзейнасці і сэнс жыццёвага шляху. Рашэнне пайсці ў манастыр і прысвяціць сябе служэнню Богу яна прыняла насуперак волі бацькоў, якія ўжо думалі пра хуткае замужжа Прадславы. Так перад ёй узнікае першая калізія: зямное каханне ці любоў да Бога, нявеста князя ці нявеста Хрыста. Ефрасіння цвёрда заявіла пра сябе як пра нявесту Хрыстову. Гэта калізія - вытворная ад фундаментальнага хрысціянскага разумення ўсяго існуючага, ад ўласцівага хрысціянству прынцыповага падзелу быцця на духоўнае і матэрыяльнае, боскае і зямное, абсалютна ісціннае і мінуча-часовае. Абгрунтоўваючы правільнасць свайго выбару, Ефрасіння нагадвае вопыт жыцця сваіх продкаў: яны жаніліся і выходзілі замуж, княжылі, дабіваліся славы і паміралі, але жыццё іх было пазбаўлена подыху вечнасці і слава іх гінула як прах, як павуцінне. Выбар паміж «княжением», «славой мира сего» і духоўным служэннем, супрацьпастаўленне жыцця продкаў, якое прайшло ў пагоні за эфемернымі зямнымі дабротамі, і жыцця ісціннага з'яўляецца вельмі паказальным для ўнутранай змястоўнасці вобраза Ефрасінні.

Супрацьпастаўленне канкрэтна-зямнога існавання і духоўнага падзвіжніцтва несла адбітак рэальнага гістарычнага проціборства хрысціянства са старажытнаславянскімі міфалагічнымі ўяўленнямі. Як вядома, праявы язычніцкага светапогляду на пач. 12 ст. былі яшчэ даволі выразнымі ў розных сацыяльных пластах Полацкага княства, і натуральна, што канкрэтную духоўную мэту і сэнс свайго служэння Ефрасіння бачыла ў сцвярджэнні новых, хрысціянскіх маральных прынцыпаў існавання чалавека. Выбар Ефрасінні - гэта выбар паміж свецкім, людскім (багаццем і славай) і цяжарам манаскага быцця, выбар, заснаваны на супрацьпастаўленні зямнога, рэальнага і духоўнага. Яна настойліва прыводзіць аргументы на карысць правільнасці свайго рашэння. Першы раз - калі павінна зрабіць выбар паміж замужжам і манаствам, любоўю зямною і любоўю да Бога, у другі - калі ўжо рашэнне прынята, і яна пераконвае ігуменню манастыра прыняць яе ў сваё асяроддзе. У адказ на словы ігуменні, што яна яшчэ маладая і не адолее цяжкасці манаства, ды і наогул, навошта ёй адракацца ад радасцей жыцця, Прадслава ў поўнай адпаведнасці з хрысціянскай ідэяй сцвярджае пафас веры і падзвіжніцтва ў імя вечнасці, нятленнасці. «Вся видимая мира сего и краная суть и славна, но вскоре минует, яко сон, яко цвет уведает. Вечная же и невидимая во векы пребывають...» У гэтым фрагменце хрысціянскія ўяўленні пра вышэйшую духоўную рэальнасць як сапраўдную сутнасць быцця суседнічаюць і спалучаюцца з паэтычнай вобразнасцю, што перадае пачуццё зачараванасці прыгажосцю рэальнага свету.

Знаходжанне Ефрасінні ў манастыры было пачаткам яе ператварэння ў падзвіжніцу, часам збірання духоўных сіл. Мінуў пэўны час, і яна просіць дазволу пасяліцца ў келлі Сафійскага сабора. Ведучы манаскі, аскетычны лад жыцця, Ефрасіння занялася перапіскай кніг. «И нача книгы писати своими руками». Ідэал ведаў і асветы, любоў да кнігі і найперш да Бібліі ў сярэднявеччы былі шляхам спасціжэння Божай мудрасці, твораў тэалагічнага характару. У «Жыціі...» падкрэсліваецца, што ў Прадславы з маленства была прага да ведаў. Яе імкненне вучыцца падаецца адначасова і як вытворнае ад любові да Бога, і як шлях унутранага ўдасканалення, дасягнення ідэалу. Сцвярджаючы ідэю самаадданага духоўнага служэння ў зямным жыцці і ўспамінаючы словы Хрыста, сказаныя апосталам: «Не носите с собою ничто же, токмо жезл един!», - Ефрасіння гаворыць, што ў яе нічога няма, акрамя слова Боскага і кніг. «И еще же за все имение имею книги сея. Ими же утешает ми ся душа и сердце веселится». Шлях дасягнення ідэалу неадлучны ад боскага слова і ведаў, занатаваных у кнігах Свяшчэннага пісання. Перапіска, распаўсюджванне кніг - адна з найважнейшых і богаўгодных місій чалавека. У гэтым сэнс дзейнасці Ефрасінні па перапісванні кніг.

Будаўніцтва царквы святога Спаса апісваецца ў «Жыціі...» як найважнейшая справа Ефрасінні, а яго завяршэнне - як усеагульнае свята: «... Видевши церковь соврешеную, возрадавася душею» Ефрасіння, «и бысць священие и велиа радость всем крестьянам. И собрашась князи и силнии мужи, черноризици и черноризци, и простие людие. И бысть радость велиа. И праздноваша дни мнози». Гэта кульмінацыйная падзея ў «Жыціі...», калі суб'ектыўнае жаданне і імкненне Ефрасінні ператварылася ў агульнае свята, свята далучэння ўсіх да царквы і Бога. Заўважаецца тэндэнцыя паказаць індывідуальнае (бо яно з'яўляецца ўзорам) як найбольш поўны выраз імкненняў і патэнцый, схаваных у чалавечай супольнасці. Роля ж і значэнне выключнай індывідуальнасці Ефрасінні ацэньваюцца ў «Жыціі...» як роля выдатнага носьбіта святла, адухоўленасці, асветы: «Еуфросиниа - неопарный орел, попаривши от Запада и до Востока, яко луна солнечная, просветивши всю землю Полоцкую». Разам з тым размова ідзе пра канкрэтную людскую супольнасць, духоўна-культурнае адзінства, пэўнасць якой выразна ўсведамляецца, гэта - Полацкая зямля. І праслаўленне ў «Жыціі...» Полацкай зямлі і горада Полацка - «А мы же хвалим блажен еси ты граде Полоцкий... Блажены людие, живущии в нем!» - адзначана высокай адухоўленасцю патрыятычнага пачуцця.

Дзейнасць Е.П. - яскравы адбітак кардынальных духоўных зрухаў, што адбываліся ў культурна-грамадскім жыцці Беларусі на працягу 12 ст., калі закладваўся і мацаваўся фундамент новага разумення свету, ствараліся перадумовы развіцця індывіда як непаўторнай асобы, сцвярджэння духоўна-маральнай самакаштоўнасці чалавека. Духоўны ўплыў беларускай асветніцы Е.П. далёка выйшаў за межы старажытнай эпохі. Яе імя, справы і вобраз падзвіжніцы крышталізаваліся ў часе і набылі найвышэйшую якасць нацыянальнага сімвала самаадданага служэння высакародным ідэалам, вернасці сваёй радзіме.

Літ.: Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968; История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977; Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992; Данилевич В.Е. Очерк истории Полоцкой земли до конца XIV столетия. Киев. 1896; Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX-XII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966.

А.Майхровіч

Паведаміць пра недакладнасьць