Дыхальная сістэма.

У амфібій уключае лёгкія, праводзячыя шляхі (гартанна-трахейную камеру), скуру і слізістую абалонку ротаваглотачнай поласці. У лічынак замест лёгкіх развіваюцца і функцыянуюць вонкавыя і ўнутраныя жабры. У некаторых відаў хвастатых земнаводных (напрыклад, саламандраў) жабры могуць захоўвацца і ў дарослых форм. Лёгкія ў амфібій утвараюцца як выпукленне брушной сценкі глоткі. Гэта простыя парныя танкасценныя ячэістыя мяшкі, пранізаныя сеткай капіляраў. Паветра ў іх нагнятаецца дзякуючы ваганням дна ротавай поласці. Пры яго апусканні паветра засмоктваецца праз ноздры, потым вонкавыя адтуліны ноздраў закрываюцца, адкрываецца гартанная шчыліна, і паветра праз гартанна-трахейную камеру нагнятаецца ў лёгкія. У жабы дно ротаваглотачнай поласці робіць да 180 ваганняў у хвіліну. На сценках гартанна-трахейнай камеры знаходзяцца галасавыя звязкі, дзякуючы якім амфібіі здольныя выдаваць пэўныя гукі. Інтэнсіўнасць газаабмену ў скуры, слізістай абалонцы ратаглоткі і лёгкіх прыблізна аднолькавая. Праз скуру ў амфібій паступае ад 15 да 55%, праз лёгкія - 15-75% і праз слізістую ротаваглотачнай поласці - 10-15% кіслароду, што яны спажываюць. Вядома, што ў жаб у выдзяленні вуглякіслага газу скура іграе большую ролю, чым лёгкія: у летні час праз яе выводзіцца ў 2,2 раза больш вуглякіслаты, чым праз лёгкія. У цэлым узровень газаабмену ў земнаводных невялікі, што ў сваю чаргу з'яўляецца адной з прычын іх халаднакроўя.

У рэптылій органамі дыхання служаць лёгкія, бо ў большасці з іх скура сухая і ў газаабмене не ўдзельнічае. Лёгкія яшчарак і змей маюць ячэйкавыя ўнутраныя сценкі, якія значна павялічваюць дыхальную паверхню. У чарапах і кракадзілаў унутраная поласць лёгкіх падзелена сістэмай перагародак, якія надаюць лёгкім губкавую будову. У водных чарапах, якія маюць панцыр, функцыю дадатковых органаў дыхання выконваюць нарасці глоткі і анальныя пузыры з вельмі развітой капілярнай сеткай. У рэптылій удасканалены паветраносныя шляхі і механізм дыхання. Ад гартані ў іх адыходзіць трахея (дыхальнае горла), яна дзеліцца на 2 бронхі, што вядуць у лёгкія. Вентыляцыя лёгкіх забяспечваецца за кошт усмоктвальнай работы грудной клеткі, якая расшыраецца ў выніку скарачэння міжрэбернай і брушной мускулатуры. Інтэнсіўнасць дыхання залежыць ад знешняй тэмпературы і стану жывёл. З павышэннем тэмпературы частата дыхання звычайна ўзрастае, што, відаць, звязана не толькі з павелічэннем абмену рэчываў, але і з некаторай тэрмарэгуляцыяй арганізма.

Паведаміць пра недакладнасьць