Тэрарыум, памяшканне для ўтрымання пераважна земнаводных і паўзуноў. Яшчэ ў Старажытнай Грэцыі і Рыме ўпрыгожаннем заможных дамоў былі жывыя хамелеоны, прыкаваныя прыгожым ланцужком да падстаўкі. Трымалі іх для вельмі празаічных мэт - гэта былі жывыя «мухалоўкі», якія даволі эфектыўна абаранялі сон элінаў. У Паўднёва-Ўсходняй Азіі існуе звычай трымаць у бамбукавых клетках жаб-ракафорусаў, каб слухаць іх гучныя спевы. У апошні час тэрарыумы ўсё часцей становяцца састаўной часткай жывых куткоў. Ад таго, як правільна падабраны і зроблены тэрарыум, залежаць дабрабыт і прывабнасць жывёл, што ў іх утрымліваюцца. Незалежна ад віду жывёлы, у тэрарыуме павінны быць: крыніца святла, сістэмы падтрымання і кантролю за тэмпературай, вентыляцыяй, забеспячэння вадой і падтрымання вільготнасці, сховішчы і крыніцы ультрафіялетавых промняў. Паводле формы тэрарыум можа быць гарызантальны, кубічны і вертыкальны. Першы можна рэкамендаваць для ўтрымання амфібій і рэптылій, якія пашыраны ў асноўным на адкрытых прасторах стэпаў, пустынь і інш. Кубічны тэрарыум больш падыходзіць для жывёл, што аднолькава выкарыстоўваюць як гарызантальную, так і вертыкальную паверхні, а таксама для рыючых відаў, якія пашыраны ў тоўшчы грунту. Вертыкальны тып тэрарыума неабходны для ўтрымання жывёл, што маюць схільнасць да знаходжання ў кронах дрэў або на іх ствалах, на сценах пабудоў, скальных абрывах і інш. Для ўтрымання амфібій, а таксама рэптылій, якія вядуць паўводны спосаб жыцця, найбольш прыдатным з'яўляецца акватэрарыум, дзе «суша» прадстаўлена насыпным астраўком. Для вырабу тэрарыумаў выкарыстоўваюць дрэва, шкло, аргшкло, цвёрды поліхлорвініл і інш., каркасныя і бескаркасныя канструкцыі. Стол, падлогу і сцены ў буйных тэрарыумах можна зрабіць са шматслойнай фанеры. Інтэнсіўнасць асвятлення ў тэрарыумах з'яўляецца важнай для дзённых відаў. Размяшчаць крыніцы святла лепш па-за тэрарыумам, напрыклад за шкляной або сеткаватай сценкай. Для многіх амфібій і большасці рэптылій неабходна абаграванне, таму крыніца святла ў тэрарыуме павінна размяшчацца ў адным з яго бакоў, каб стварыць розніцу тэмператур і даць магчымасць жывёле самой выбіраць патрэбную для яе тэмпературу. Абагравальнік, асабліва магутны, павінен абавязкова знаходзіцца ў сеткаватай скрынцы, пры гэтым трэба каб сетка моцна не награвалася, каб не зрабіць апёкаў жывёле. Кожны тэрарыум абавязкова павінен мець добрую прыродную або штучную вентыляцыю і ёмістасць з вадой (для амфібій, што праводзяць асноўны час на сушы, - купальні, ваду ў якіх трэба мяняць штодзённа). Для шэрагу жывёл неабходна кожны дзень (раніцай і вечарам) ствараць імітацыю туману або выпадзення расы з дапамогай апырсквання з пульверызатара. Характар сховішчаў вызначаецца асаблівасцямі біялогіі жывёлы, якую ўтрымліваюць у тэрарыуме. Гэта могуць быць прыродныя сховішчы ў выглядзе пустацелых ствалоў дрэў, нор у грунце, якія рыюць жывёлы самастойна, або штучных, вільготныя камеры, спецыяльна сканструяваныя горкі з абліцовачных плітак, керамічных гаршкоў і інш. Ва ўсіх выпадках, незалежна ад матэрыялу, з якога зроблена сховішча, канструкцыя яго павінна забяспечыць лёгкае выцягванне з яго жывёлы. Сховішча павінна быць прасторным. Справа ў тым, што жывёла знаходзіцца ў стане спакою толькі ў тым выпадку, калі дакранаецца сваім целам да яго сценак. Для нармальнага росту і развіцця амфібіям і рэптыліям, як і ўсім жывёлам, неабходна ультрафіялетавае апрамяненне (кварцавыя і эрытэрмныя лямпы). Добра падабраныя матэрыялы і дэкор даюць магчымасць ператварыць тэрарыум у прыемнае дапаўненне да агульнага інтэр'еру памяшкання. Азеляненне ў тэрарыуме можа выконваць некалькі функцый. Асноўная з іх - падтрымка пэўнага мікраклімату. Акрамя таго, расліны пасля апырсквання працяглы час захоўваюць кроплі вады, якія выкарыстоўваюцца многімі рэптыліямі для піцця, а таксама выконваюць дэкаратыўную функцыю. Грунт спрыяе паляпшэнню гігіенічнага стану ў тэрарыуме (убірае ў сябе вадкія фекаліі), аблягчае перамяшчэнні жывёл па яго дне і перашкаджае з'яўленню ў іх дэфармацый канечнасцей. Некаторыя віды грунту (торф, мох і інш.) дазваляюць падтрымліваць у тэрарыуме высокі ўзровень вільготнасці паветра. У цэлым тэрарыумістыка пастаянна развіваецца, і стварэнне груп жывёл, што размнажаюцца ў няволі, цяпер мае вялікае значэнне ў справе аховы і захавання рэдкіх відаў.

Паведаміць пра недакладнасьць