Ручнік, тканіна ўтылітарнага, абрадавага, дэкаратыўнага прызначэння. У Беларусі распаўсюджаны Р. памерам ад 25 да 45 см ушырыню і ад 1 да 4 м (часцей - 2-3 м) удаўжыню. Выкарыстоўваецца як прадмет паўсядзённага ўжывання, як атрыбут вясельнага, пахавальнага, памінальнага абрадаў, у час свят (на Вадохрышча, Купалле, Сёмуху, Зажынкі) як прадмет, надзелены здольнасцю засцерагаць ад бед, няшчасцяў, у аздабленні жылля, абразоў. Для беларускіх Р. характэрна спалучэнне чырвонага дэкору (у выглядзе некалькіх папярочных палос) на белым фоне, аздабленне разнастайным па тэхніцы ўзорыстым натыканнем, вышыўкай геаметрычнымі і расліннымі ўзорамі, карункамі, арнаментаванымі прошвамі, махрамі, палоскамі чырвонага паркалю. Р. вызначаюцца асаблівасцямі, уласцівымі пэўнаму гісторыка-этнаграфічнаму рэгіёну. Найбольш своеасаблівымі рысамі вылучаюцца віцебскія, калінкавіцкія, кіраўскія, копыльска-слуцкія, ляхавіцкія, неглюбскія, мотальскія, пінска-івацэвіцкія Р.

Паведаміць пра недакладнасьць