міма, прысл. У знач. прыназ. - з Р. (устар. і абл. - і з В.). Спалучэнне з прыназ. міма выражае прасторавыя адносіны: прыназ. указвае на прадмет, асобу, мінуючы якія, не спыняючыся, не затрымліваючыся каля якіх адбываецца рух. Фурманка праехала міма школы. Хлопчык прабег міма весніц. □ Абодва пачалі страляць па машыне, якая праскочыла міма іх, абдаўшы пылам (У.Паўлаў).
// перан. Не затрымліваючы ўвагі на якой-н. асобе, з'яве, факце. І мы не можам прайсці міма такога факта (І.Шамякін). Мая дапытлівасць не прайшла міма хітрай і ліслівай жанчыны (часопіс «Маладосць»). Міцкевіч не праходзіць міма паданняў і забабонаў (А.Лойка).
// Ва ўстойлівых выразах: прапусціць міма вушэй, ісці міма рук і пад. Усё ішло міма рук (Э.Самуйлёнак).
// Не ў тым напрамку, аднак блізка каля чаго-н. Страляць міма цэлі. Ліць міма шклянкі. □ Загурскі глядзеў у парог, міма маці (А.Асіпенка). А ў сад пашло дзве дарожкі, міма сад - адна (нар. песня). Ехаў я - міма сад, міма сад зялёны (Р.Шырма).
// Побліз, побач з кім-, чым-н. Кончыў дзед Андрэй свой паход-абход, міма дуба ідзе, разважае (Я.Колас). І тут толькі зразумелі людзі, якія сядзелі ў склепе, што яны вольныя цяпер, што наканаваная смерць прайшла міма іх, стараной (М.Лынькоў). Луг гэты цягнуўся міма Дубровы, міма палёў да вялікіх лясных абшараў (Г.Шчарбатаў).