Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Шушкевіч Станіслаў (19.12.1934, Менск), дзяржаўны і палітычны дзеяч Беларусі, вучоны-фізік, першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Ш. паходзіць зь сям'і вядомага беларускага паэта і журналіста Станіслава Шушкевіча (сына Пятра). У канцы 1936 бацька быў арыштаваны па абвінавачаньні ў «контаррэвалюцыйнай і нацыяналістычнай дзейнасьці». Каля дваццаці гадоў правёў ён у сталінскіх лягерах і змог вярнуцца дадому толькі ў 1956 у часы хрушчоўскай «адлігі». Неўзабаве пасьля арышту бацькі пачаўся перасьлед маці - Алены Шушкевіч (дачка Людвіга), якая працавала на Беларускім радыё. «Ліса ў авечай скуры» - пад такім загалоўкам зьявіўся артыкул у газэце «Звязда», дзе сп-ню Алену абвінавацілі ў адсутнасьці мужнасьці «парваць з ворагам народа». Падзеі 1930-х гадоў не маглі не паўплываць на фармаваньне поглядаў маладога Ш. Рэаліі бязьлітасна зьнішчылі ў ягонай сям'і веру ў савецкую справядлівасьць і камуністычныя ідэалы.

Нядзіўна, што прафэсію сабе Ш. абраў зусім апалітычную - радыёфізыку. У 1956 ён скончыў фізычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, у 1959 - асьпірантуру ў Акадэміі Навук БССР. У 1962 абараніў кандыдацкую дысэртацыю, у 1970 - доктарскую, у 1972 - стаў прафэсарам. У 1990 абраны сябрам-карэспандэнтам АН БССР. Працаваў у сыстэме вышэйшай адукацыі, быў прарэктарам па навуцы ў Менскім радыётэхнічным інстытуце і ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце; у 1972-1990 узначальваў катэдру ядзернай фізыкі і мірнага выкарыстаньня атаму БДУ. Менавіта на гэтай пасадзе, калі ў 1986 прагрымеў Чарнобыльскі выбух, пачалась апазыцыйная дзейнасьць Ш.

Вынікі Чарнобыльскай катастрофы былі жахлівыя. Аднак кіраўніцтва КПСС і КПБ замест таго, каб арганізаваць хуткія і маштабныя акцыі па абароне мільёнаў людзей ад сьмяротнай радыяцыі, распачалі кампанію па хаваньні і фальсыфікацыі сапраўдных дадзеных. Ш. быў уключаны ў склад Камісіі, створанай паводле рашэньня ЦК КПБ і АН БССР дзеля вывучэньня вынікаў аварыі. Паводле плянаў партыйнага кіраўніцтва, Камісія павінна была зрабіць выснову - «нічога страшнага!». Аднак Ш. адмовіўся ўдзельнічаць у злачынствах афіцыйных уладаў. Як сябра Камісіі ён настойліва запатрабаваў абнародаваць сапраўдныя дадзеныя пра вынікі Чарнобыльскай катастрофы, бо бяз гэтага немагчыма было мінімізаваць страшнае ўзьдзеяньне катастрофы. Але кіраўніцтва КПБ не зьбіралася адступаць ад раней абранай тактыкі, і Ш. за сваю грамадзянскую пазыцыю быў проста выведзены са складу Камісіі.

Але і Ш. не адступіў. Ва ўнівэрсытэце ў яго знайшлося нямала аднадумцаў. Летам 1986 ніводны з супрацоўнікаў ягонай катэдры не пайшоў у чарговы адпачынак. Выкарыстоўваючы наяўнае на катэдры абсталяваньне, Ш. арганізаваў пункт па праверцы ўзроўню радыёактыўнай канцэнтрацыі ёду ў шчытападобнай залозе і ўтрыманьні радыёнуклідаў у прадуктах харчаваньня. З усяго Менску сюды пацягнуліся сотні людзей.

Даведаўшыся пра несанкцыянаваныя кіраўніцтвам дзеяньні Ш., першы сакратар Менскага гаркаму КПБ Уладзімір Галко запатрабаваў: «Неадкладна спыніць самадзейнасьць!» - пад пагрозай пазбавіць Ш. партбілету, што паводле тагачасных правілаў азначала і адхіленьне ад кіруючай працы. Ш. не падпарадкаваўся. Насуперак гаркаму ён арганізаваў на катэдры падрыхтоўку спэцыялістаў па прафіляктыцы радыёактыўнай небясьпекі, супрацоўнікі ягонай катэдры аказвалі дапамогу шматлікім арганізацыям і ўстановам па запуску адпаведнай апаратуры.

Палітыка камуністычнага кіраўніцтва ў адносінах да Чарнобыльскай катастрофы дапамагла Ш. усьвядоміць неабходнасць зьменаў савецкай сыстэмы. Вось чаму, калі калегі па ўнівэрсытэту прапанавалі яму ў 1989 балятавацца ў народныя дэпутаты Савецкага Саюзу, ён згадзіўся. Супраціў органаў КПБ ня толькі не пашкодзіў, але хутчэй дапамог Ш. атрымаць свой першы дэпутацкі мандат.

Зь першага зьезду народных дэпутатаў ён вярнуўся вядомым усёй Беларусі палітыкам-апазыцыянэрам. У першы ж дзень працы зьезду Ш. падтрымаў ініцыятыву грузінскіх і прыбалтыйскіх дэпутатаў па расьсьледаваньні тбіліскага пабоішча. Калі стала зразумела, што на зьезьдзе ўтварылася моцная пракамуністычная большасьць, якая зьбіралася стрымліваць усялякія спробы дэмакратызацыі, Ш. бярэ ўдзел у стварэньні Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы, ініцыятарамі якой былі Андрэй Сахараў, Гаўрыіл Папоў, Барыс Ельцын, Юры Афанасьеў ды іншыя дэмакратычныя дэпутаты. МДГ стала першай ў гісторыі СССР афіцыйна прызнанай парлямэнцкай некамуністычнай апазыцыяй. З прыкладна 100 дэпутатаў ад Беларусі ў МДГ уступіла менш за дзясятак.

У Беларусі Ш. стаў адным зь вядучых лідэраў дэмакратычнай плыні грамадзтва. Гэта быў час росквіту вулічнай дэмакратыі, і Ш. можна было бачыць у першых шэрагах практычна ўсіх буйных дэманстрацыяў і мітынгаў, што адбываліся ў Менску. Статус народнага дэпутата, які ўзначальваў калёну, прымушаў расступацца міліцэйскія кардоны; гэты ж статус бараніў Ш. ад рэпрэсій з боку ўладаў БССР.

У 1990 Ш. ужо ў першым туры быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. Дэмакратычна настроеныя дэпутаты вылучаюць яго кандыдатуру на вышэйшую дзяржаўную пасаду - старшыні Вярхоўнага Савета. У дзень галасавання, каб падтрымаць дэпутатаў-дэмакратаў і Ш. каля будынку парлямэнта сабраўся шматтысячны мітынг. У выніку галасаваньня камуністычнае кіраўніцтва БССР атрымала ад дэпутатаў адчувальную аплявуху - толькі з другога тура стаўленік ЦК КПБ М.Дземянцей змог узначаліць Вярхоўны Савет, але першым намесьнікам Старшыні стаў кандыдат ад апазыцыі Ш.

У чэрвені 1991 артадаксальнае кіраўніцтва ЦК КПБ, адчуваючы жнівеньскі путч, праводзіць спробу ажыцьцявіць у Беларусі канстытуцыйны пераварот: плянавалася, што Вярхоўны Савет абярэ прэзыдэнтам Беларусі першага сакратара ЦК Малафеева, а ён, у сваю чаргу, увядзе надзвычайнае становішча. У знак пратэсту першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету падае заяву пра выхад з КПСС. Адбылося гэта 12.06.1991.

19.08.1991 у першыя ж часы путчу Ш. патрабуе тэрміновага скліканьня Прэзідыюму Вярхоўнага Савету і пазачарговай сэсіі. Аднак кіраўніцтва Вярхоўнага Савету не пажадала ўстаць на абарону Канстытуцыі і фактычна салідарызавалася з маскоўскімі змоўшчыкамі. У гэтай сытуацыі Ш. і лідэр апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк пачалі збор подпісаў сярод дэпутатаў за скліканьне пазачарговай сэсіі Вярхоўнага Савету. Неабходная колькасьць подпісаў была сабраная за вельмі кароткі час, але маскоўскі путч праваліўся яшчэ да таго, як дэпутаты змаглі сабрацца ў Авальнай залі парлямэнту.

Рэакцыянэры перайшлі ў глухую абарону, і Ш. пасьля некалькіх тураў галасаваньня быў абраны кіраўніком Беларусі. Гэта быў складаны час. Кіраўніцтва саюзнага цэнтру на чале з М.Гарбачовым, спрабуючы самазахавацца, робіць стаўку на дэстабілізацыю сытуацыі ў саюзных рэспубліках, актыўна падтрымліваючы сэпаратызм у рэгіёнах і аўтаноміях. У СССР усё мацней адчуваецца пах пораху. На перамовах пра будучую Саюзную дамову новы беларускі кіраўнік займае жорсткую пазыцыю, робячы ўсё магчымае, каб прадухіліць тое, што ў далейшым адбылося ў Югаславіі.

08.12.1991 паводле ініцыятывы Ш. у Белавескай пушчы сабраліся кіраўнікі Расеі, Украіны і Беларусі, каб абмеркаваць лёс сваіх народаў. У выніку перамоваў Барыс Ельцын, Леанід Краўчук і Ш. канстатавалі, што «Саюз ССР як суб'ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасьць спыняе сваё існаваньне». Беларусь і іншыя рэспублікі былога Саюза сталі незалежнымі дзяржавамі.

Сваімі асноўнымі дасягненьнямі на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету Ш. лічыць прыняцьце права прыватнай уласнасьці на зямлю, вывад зь Беларусі ядзернай зброі і міжнароднае прызнаньне маладой беларускай дзяржавы, яркім прыкладам якога стаў візыт у Менск прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана.

Кансэрватыўная большасьць Вярхоўнага Савету здолела не дапусьціць глыбіннай дэмакратызацыі беларускага грамадзтва і рэальнага рыначнага рэфармаваньня эканомікі. У студзені 1994 гэтая ж большасьць дамаглася адхіленьня Ш. з пасады Старшыні Вярхоўнага Савету. На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 старая партнамэнклятура, захаваўшая ўладу, скіроўвае асноўны палітычны ўдар на дэмакратычных кандыдатаў Ш. і Зянона Пазьняка. У выніку, прэзыдэнтам становіцца Аляксандар Лукашэнка, які ўзяў курс на ўсталяваньне ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму.

Як дэпутат Вярхоўнага Савету XII і XIII скліканьняў, Ш. займае бескампрамісную пазыцыю ў варунках набліжэньня дыктатуры. У лістападзе 1996 Ш. адным зь першых ставіць подпіс за пачатак парлямэнцкай працэдуры імпічмэнту А.Лукашэнкі; пасьля так званага рэфэрэндуму ён адмовіўся прызнаць легітымнасць новай Канстытуцыі. У дадзены час Ш. працягвае актыўна ўдзельнічаць у працы легітымнага Вярхоўнага Савету, які быў гвалтоўна адхілены ад уладных паўнамоцтваў.

Увесну 1997 Ш. узначаліў Арганізацыйны камітэт па адраджэньні Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. У лютым 1998 на Ўстаноўчым зьезде БСДГ Ш. абіраецца яе старшынём. БСДГ стала трэцяй у Беларусі партыяй, якая выкарыстоўвае ў сваёй назве словы «сацыял-дэмакратыя».

Кр.: АМН: F-3 (Станіслаў Шушкевіч).

Літ.: 1. Класкоўская Л., Класкоўскі А. Станіслаў Шушкевіч; пуцявіна лёсу. - Менск: Полымя, 1994; 2. Аляксандар Уліцёнак. Іншадумцы = Мыслящие иначе. - Менск: Беларусь, 1991. С. 244-263; 3. The international Who's Who 1993-1994. London, 1997.

Алег Багуцкі

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік   Дэмакратычная апазыцыя Беларусі (1956-1991). Даведнік
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2018