Беларуская Сьпеўна-Драматычная Майстроўня (Беларуская Майстроўня, Майстроўня), моладзевае творчае згуртаваньне ў 1979-1984 у Менску.

Створанае студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БДУ) і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту на філялягічным факультэце БДУ, пазьней далучыліся студэнты іншых ВНУ Менску, асьпіранты, школьная і рабочая моладзь гораду.

Назоў згуртаваньня падкрэсьліваў пераемнасьць зь беларускім адраджэнскім рухам 1920-х. Першапачаткова дэкляраваная мэта - адраджэньне ў гарадзкім асяродку беларускай народнай абраднасьці, сьвятаў. Удзельнікі М. вывучалі народныя песьні пад кіраўніцтвам кампазытара і хармайстра Л.Сімаковіч, ладзілі Каляды, Гуканьні Вясны, Купальлі ў Менску, Заслаўі, Вязынцы. Сьвяты былі як санкцыяваныя, так і не дазволеныя ўладамі (Каляды 1979). У 1980 пастаўленая беларуская народная драма «Цар Максымілян» (у апрацоўцы Ў.Галубка) з узмоцненымі патрыятычнымі матывамі і апяваньнем іншадумства. М. мэтанакіравана спалучала сьпеўна-фальклёрную дзейнасьць з культурна-асьветнай і палітычнай. Адраджэньне беларускай народнай культуры разглядалася як аптымальная форма выхаваньня нацыянальнай сьвядомасьці, форма фальклёрна-этнаграфічнага клюбу дазваляла весьці ўласна палітычную дзейнасьць. На зборах удзельнікі М., запрошаныя навукоўцы і дзеячы культуры чыталі лекцыі, праводзілі гутаркі на культурна-гістарычныя, моўныя, палітычныя, эканамічныя тэмы, большасьць якіх засноўвалася на цяжка даступным ў той час матэрыяле («Вітаўт Вялікі», «Іван Луцкевіч», «Беларуская Народная Рэспубліка»). Ладзіліся вечарыны да ўгодкаў М.Гусоўскага, М.Багдановіча, К.Каліноўскага. Арганізоўваліся вандроўкі ў памятныя мясьціны (Вільня, Нясьвіж, Ракуцёўшчына, Вязынка і інш.). Вяліся практычныя заняткі па беларускай мове, выпускаліся насьценныя газэты, распаўсюджвалася нелегальная прэса (часопіс «Люстра дзён», «Аб усім, што баліць»), эмігранцкая, самвыдавецкая літаратура. Удзельнікі М. праводзілі прапагандысцкія і дабрачынныя акцыі, выступалі з канцэртамі, лекцыямі, гутаркамі ў ВНУ, школах, дзіцячых садках, ва ўстановах, у рабочых інтэрнатах, месцах зьняволеньня.

У 1983 пры М. утварылася Таварыства Беларускай Школы (старшыня - Віктар Івашкевіч), якое агітавала адчыняць беларускамоўныя дзіцячыя садкі і школы і актыўна падтрымлівала існуючыя. З 1983 М. працавала ў Палацы культуры Белсаўпрафа. Новай формай дзейнасьці сталі талокі на рэстаўрацыйных аб'ектах у Траецкім прадмесьці Менску, на археалягічных раскопах. Некаторыя былыя ўдзельнікі М. - выпускнікі ВНУ Менску, сталі ініцыятарамі стварэньня аналягічных згуртаваньняў у Берасьці, Горадні, Маладэчне, Наваполацку і іншых гарадах.

Сьвядомая беларускамоўнасьць і палітызаванасьць вылучалі М. сярод большасьці тагачасных фальклёрных калектываў, выклікалі канфлікты з уладай. 13.06.1984 актывісты М. выйшлі на несанкцыяваную дэманстрацыю пратэсту супраць зносу помніка гісторыі і архітэктуры - будынку гарадзкога тэатра (тэатар «Поляка») на пляцы Волі ў Менску, дзе ў 1852 была пастаўленая першая беларуская опэра «Ідылія». Дэманстрантаў затрымала міліцыя, супраць некаторых распачатае сьледзтва. Далейшае існаваньне М. стала немагчымым. Пасьля спыненьня дзейнасьці М. яе актывісты стварылі ў Менску Моладзевы клюб імя Ў.Караткевіча (1985-1986) і клюб «Талака» (з 1987), якія фактычна сталі пераемнікамі М.

Літ.: 1. Студэнцкая «Майстроўня» // ЛіМ. 05.06.1981; 2. Так вясну гукалі... // Тамсама 29.04.1983. Гэты артыкул друкаваўся: Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі. Т. 1. Менск, 1993. С. 415; Супольнасьць: Бюлетэнь для беларускіх няўрадавых арганізацыяў. Выпуск 3-4 (5-6). Вясна, 1998. С. 27-28; Скарочаная вэрсія: Беларуская Энцыклапедыя. Т. 2. - Менск, 1996. С. 429.

Вінцук Вячорка

Паведаміць пра недакладнасьць