Багдановіч Максім (1891-1917), беларускі паэт, перакладчык, крытык, гісторык літаратуры; адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Вучыўся ў гімназіі (Ніжні Ноўгарад). У 1916 скончыў у Яраслаўлі Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй і вярнуўся на радзіму. У прыфрантавым Менску Б. уладкаваўся сакратаром губернскага харчовага камітэта. У лютым 1917 ён паехаў на лячэнне ў Ялту і там памёр 25 траўня ў поўнай адзіноце. Першы яго друкаваны твор - алегарычнае апавяданне «Музыка» (1907). Раннія вершы, прасякнутыя гуманістычнымі матывамі і патрыятычным пафасам, пераклікаліся з паэзіяй Я.Купалы і Я.Коласа. Вылучыў канцэпцыю «вершаў беларускага складу», набліжаных па форме і духу да народных традыцый (цыкл вершаў «На ціхім Дунаі»). У цыклах вершаў «У зачараваным царстве» (1909-1911), «Згукі Бацькаўшчыны» (1911) імкнуўся наблізіць нацыянальную паэзію да народных вытокаў, узбагаціць форму беларускага верша. Сталасць яго эстэтычнай пазіцыі выявілася ў творах на сацыяльна-філасофскую і патрыятычную праблематыку («Мая душа», «Рушымся, брацця, хутчэй», «Пагоня», «Беларусь, твой народ дачакаецца»). Значнае месца ў спадчыне Б. займаюць празаічныя і публіцыстычныя творы, крытычныя артыкулы («Глыбы і слаі», «За тры гады», «Забыты шлях»). Ён перакладаў Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейне, П.Верлена, Э.Верхарна, А.Пушкіна і інш. паэтаў, песні розных народаў свету, што спрыяла ўздыму агульнага ўзроўню беларускай паэзіі. Б. лічыў, што эпоха Адраджэння (Рэнесансу) стала сапраўдным «залатым стагоддзем» для беларускага грамадства, што выявілася ў хуткім развіцці кнігадрукавання, літаратуры, мастацкай культуры. Але пазней, на яго думку, пачаўся працяглы перыяд заняпаду беларускай культуры, які быў выкліканы ўзмацненнем асімілятарскіх тэндэнцый (паланізацыі). У выніку беларускі народ, паводле Б., страціў магчымасць развіваць многія сферы культурнай дзейнасці і змог захаваць за сабой толькі асноўныя, першапачатковыя элементы культуры (напр., мову, звычаі і інш.). Сцвярджаў, што беларускае адраджэнне праяўляецца перш за ўсё ў стварэнні літаратуры на роднай беларускай мове. Паэзія Б. арганічна ўвайшла ў «залаты фонд» беларускай культурнай спадчыны. Многія вершы Б. пакладзены на музыку, сталі народнымі песнямі («Зорка Венера», «Лявоніха», «Слуцкія ткачыхі» і інш.).