Батлейка (ад Betleem - назва г. Віфлеем, дзе паводле біблейскага міфа нарадзіўся Ісус Хрыстос), беларускі народны лялечны тэатр. Вядомы з 16 ст. Некаторае падабенства да беларускай батлейкі маюць украінскі вертэп (найбольш пашыраны ў 18-19 ст.) і польская шопка (вядомая з 15 ст.). Паказы Б. звычайна адбываліся на Каляды; для гэтага выраблялі з дрэва спецыяльныя скрынкі, якія звычайна мелі выгляд хаткі ці царквы, з гарызантальнымі перагародкамі (сцэнамі-ярусамі). Лялькі-персанажы рабіліся з дрэва і каляровай тканіны. Паказы суправаджаліся словамі і музыкай, а батлеечнік агучваў персанажы-лялькі рознымі галасамі. Звычайна батлеечнае прадстаўленне складалася з дзвюх частак: рэлігійнай (кананічнай) і свецкай (народна-бытавой), прычым кананічны сюжэт разыгрываўся на верхнім ярусе, а свецкі - на ніжнім. Вельмі папулярнымі былі народныя інтэрмедыйныя сцэнкі з песнямі і танцамі, у якіх нярэдка ў гумарыстычнай і вострасатырычнай форме высмейваліся паводзіны нахабных, ілжывых, сквапных купцоў, шляхцічаў, паноў, карчмароў і да т.п. Найбольшую вядомасць набылі паказы такіх народных сцэн, як «Барыня і доктар», «Цыган і цыганка», «Жыд і казак», «Скамарох з мядзведзем» і інш. Асноўнымі кампанентамі батлеечных паказаў былі песня, танец, дыялог, маналог. У канцы 19 - пачатку 20 ст. асобныя сцэны батлейкі выконвалі жывыя акцёры (т.зв. «жывая батлейка»). З канца 1980-х г. робяцца спробы адрадзіць паказы Б. на Каляды. З 1991 паказы Б. адбываюцца ў філіяле Літаратурнага музея імя М.Багдановіча, а прафесійныя Дзяржаўны тэатр лялек і Тэатр-студыя кінаакцёра паставілі батлеечную п'есу «Цар-Ірад».

Паведаміць пра недакладнасьць