Бахцін Міхаіл Міхайлавіч (1895-1975), расейскі філосаф, культуролаг, філолаг, літаратуразнаўца, эстэтык. Вучыўся ў Новарасійскім і Пецярбургскім універсітэтах. Пасля рэвалюцыйных падзей 1917 жыў у Невелі і Віцебску. У 1929 быў рэпрэсаваны і адпраўлены ў ссылку. Распрацаваў канцэпцыю дыялогу ў культуры. Культуру разглядаў як асобы суб'ект творчасці, што выяўляе сябе як сінхроннае шматгалоссе. Лічыў, што культура «заўсёды ляжыць на межах» з другімі культурамі і эпохамі. Даследаваў «смехавую» карнавальную культуру, характэрную для эпохі Сярэднявечча. Выкарыстоўваў тэрмін «поліфанія» для абазначэння феномену шматгалосся і раўнапраўя існуючых у свеце і мастацкіх творах свядомасцей у адносінах адзін да аднаго і да адзінага культурнага цэлага. Увёў паняцце «вялікага часу», якое дазваляе аналізаваць з'явы культуры не толькі ў сучасным сацыякультурным кантэксце, але і ў праекцыі мінулага і будучыні. Творчасць разглядаў як валявы акт адказнага ўчынку асобы, якая асэнсавана праламляе свет у сабе. Аўтар прац «Праблемы паэтыкі Дастаеўскага» (1929), «Творчасць Франсуа Рабле і народная культура Сярэднявечча і Рэнесансу» (1965), «Пытанні літаратуры і эстэтыкі» (1975), «Эстэтыка мастацкай творчасці» (1979) і інш. Напісаў мноства артыкулаў пра спецыфіку жанру рамана, пра творчасць Гётэ, Рабле. Працы Б. пачалі шырока друкавацца толькі ў 1960-1980-я г.

Паведаміць пра недакладнасьць