Быкаў Васіль (1924-2003), беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Народны пісьменнік Беларусі (1980). Вучыўся ў Віцебскай мастацкай навучальні. Удзельнік Другой сусветнай вайны, быў двойчы паранены. Друкуецца з 1949. Аўтар шматлікіх аповесцяў, апавяданняў, прытчаў. У першай кнізе «Жураўліны крык» (1960), аповесцях «Трэцяя ракета» (1962), «Альпійская балада» (1964), «Мёртвым не баліць» (1965), «Праклятая вышыня» (1968) з вялікай мастацкай выразнасцю паказаў жорсткасць і суровую праўду вайны. Своеасаблівы «партызанскі цыкл» склалі яго аповесці «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971), «Дажыць да світання» (1973), «Воўчая зграя» (1974) і інш. У творах 1980-1990-х г., адзначаных высокім трагізмам, актыўнай аўтарскай пазіцыяй, вострым эмацыянальна-этычным напалам (аповесці «Знак бяды, 1982; «У тумане», 1987; «Аблава», 1989, «Сцюжа», 1993; раман «Кар'ер», 1986 і інш.) узнімаў праблемы масавых рэпрэсій, раскулачвання. Для лепшых твораў Б. ўласцівы абвостраная чалавечнасць, увага да маральна-этычных канфліктаў, высокі гуманізм, дэмакратызм, шчырасць аўтарскага голасу. Абавязкам мастака Б. лічыў выкрыццё зла, паказ велічы подзвігу чалавека ў неспрыяльных, экстрэмальных абставінах. Працаваў у галіне кінадраматургіі. Аўтар сцэнарыяў, па якіх пастаўлены мастацкія фільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966) і кароткаметражны фільм «Пастка» (1966). Выступаў як публіцыст (зборнік «На крыжах», 1992). Б. быў лаўрэатам Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, Ленінскай прэміі; яму было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. У канцы 1980-х г. стаў адным з заснавальнікаў руху за нацыянальна-культурнае адраджэнне і незалежнасць Беларусі. Аўтар мемуараў «Доўгая дарога дадому» (2003).

Паведаміць пра недакладнасьць