Вестэрнізацыя, поўная або частковая пераарыентацыя грамадства на сацыякультурнае развіццё па ўзору развітых краін Захаду. У выніку В. адбываецца засваенне не толькі заходніх тэхналогій, форм сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных адносін, але і асобных элементаў і праяў заходняй культуры (маральна-этычныя нормы і каштоўнасці, мода, лад жыцця, стэрэатыпы паводзін і мыслення і інш.). Сярод мноства феноменаў, з'яў заходняй цывілізацыі пры В. найчасцей пераймаюцца дэмакратычныя формы кіравання, ліберальная эканамічная мадэль, рэлігійная і нацыянальная талерантнасць, свабода інфармацыі і творчасці і да т.п. Звычайна В. адбываецца добраахвотна і праводзіцца па ініцыятыве кіраўнікоў дзяржаў, органаў улады, прадстаўнікоў правячых эліт (напр., В. расейскага грамадства ў перыяд пятроўскіх рэформ пачатку 18 ст., японскай дзяржавы ў другой палове 19-20 ст., Вялікага Княства Літоўскага ў 16-18 ст. і інш.). У некаторых краінах мае месца актыўнае супраціўленне В. на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі і ідэалогіі (напр., у мусульманскіх краінах, былым Савецкім Саюзе і г.д.), або асобных сацыяльных і этнаканфесійных супольнасцей. У сучасны перыяд у многіх постсавецкіх краінах узмацніліся працэсы В., якія нярэдка набываюць характар «амерыканізацыі» грамадства. Да ліку асноўных каналаў В. можна аднесці сродкі масавай інфармацыі (радыё, тэлебачанне, перыядычыны друк, Інтэрнет), міждзяржаўныя і міжіндывідуальныя кантакты, сувязі, распаўсюджванне адпаведных культурных артэфактаў (фільмаў, відэакасет, камп'ютэрных праграм, кніг, моднага адзення і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць