Каліноўскі Кастусь (Вікенцій Канстанцін; 1838-1864), лідэр беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, публіцыст, паэт; тэарэтык адраджэння беларускай дзяржаўнасці і культуры. Скончыў Свіслацкую дваранскую навучальню (1855), Пецярбургскі ўніверсітэт (1860). Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 г. у Беларусі і Польшчы. Паўстанне разглядаў не як самамэту, а як адзіна магчымы ў тагачасных умовах сродак дасягнення свабоды і незалежнасці Беларусі. Адзін з выдаўцоў, аўтар і рэдактар першай у свеце газеты для сялян на беларускай мове «Мужыцкая праўда» (выступаў пад псеўданімам «Яська-гаспадар з-пад Вільні»). К. першы абгрунтаваў праграму барацьбы за сацыяльнае і духоўнае вызваленне беларускага народа. У аснову сваіх ідэй дэмакратычных пераўтварэнняў спрабаваў пакласці канстытуцыйны і парламенцкі вопыт ЗША, Францыі і іншых краін свету. Распрацаваў адну з першых канцэпцый гісторыі Беларусі, паводле якой беларускія землі мелі сваю самабытную гісторыю і разглядаліся ў непарыўным адзінстве. Падзяляў думку А.Герцэна пра стварэнне ў далейшым федэрацыі незалежных дзяржаў свабодных славянскіх народаў. Выступаў за аб'яднанне беларускіх і летувіскіх зямель у адзіную суверэнную дзяржаву, у абарону вуніяцтва, супраць прымусовага пераводу сялян у праваслаўе. Перакладаў з польскай мовы на беларускую рэвалюцыйныя песні (напр., мазурку Дамброўскага «Яшчэ Польшча не загінула» і інш.). Аўтар публіцыстычных твораў і лірычных, патрыятычных вершаў. Аказаў значны ўплыў на фармаванне і паглыбленне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, садзейнічаў станаўленню беларускай літаратурнай мовы. Вобраз К. шырока адлюстраваны ў розных відах мастацтва - літаратуры, жывапісе, музыцы і інш.