Каляндар (ад. лац. calendarium - даўгавая кніга), сістэма ўяўленняў аб часе, святах і прысвятках, святочных днях; сістэма падліку больш-менш працяглых прамежкаў часу, заснаваная на перыядычнасці бачных рухаў нябесных цел. У міфалогіі К. з'яўляецца адным са спосабаў асэнсавання міфалагічнай свядомасцю прыродных з'яў. Існуюць К. сонечныя, месяцовыя, змешаныя сонечна-месяцовыя, а таксама т.зв. Юліянскі і Грыгарыянскі К. Беларускі народны К. склаўся ў асноўным яшчэ ў старажытнасці, а потым паступова дапаўняўся новымі святамі, прысвяткамі, абрадамі, адпаведнымі дазволамі і забаронамі. Ён быў звязаны са зменаю фаз (квадраў) Месяца, прычым кожная з іх лічылася спрыяльнай або неспрыяльнай для пэўных гаспадарчых работ. Захаваліся ў ім і рэшткі сонечнага календара - старадаўняга падзелу года адпаведна зімоваму (на Каляды) і летняму (на Купалле) сонцастаянню. У беларусаў амаль што ўсе дні года падзяляліся на святочныя і будзённыя, а таксама існаваў і «падзел» на спрыяльныя і неспрыяльныя, шчаслівыя і нешчаслівыя для жыццядзейнасці чалавека. Так, шчаслівымі днямі тыдня ў многіх мясцовасцях Беларусі лічыліся аўторак і чацвер, а нешчаслівымі, цяжкімі - панядзелак і пятніца. Дастаткова прыгадаць народныя выказванні накшталт: «У панядзелак работы не пачынай і ў дарогу не выязджай», «Па субоце адпачынак на рабоце», «Хто ў пятніцу спявае, той у нядзелю плача».

Паведаміць пра недакладнасьць