Кампанела Тамаза (1568-1639), італьянскі філосаф, палітычны дзеяч. У 15 гадоў стаў манахам-дамініканцам. Вучыўся ў школах гэтага манаскага ордэна, дзе вывучаў багаслоўе, філасофію, астралогію і інш. У 1599 арыштаваны па абвіначванні ў змове супраць гішпанскага рэжыму ў Неапалі, асуджаны ў 1602 і каля 27 гадоў правёў у розных турмах, дзе і напісаў большасць сваіх твораў па філасофіі, палітыцы, медыцыне, астраноміі. Сярод мноства яго твораў найбольш вядомым з'яўляецца «Горад Сонца» (1602; апубл. 1632), дзе апавядаецца пра ідэальнае грамадства, якім кіруюць вучоныя і жрацы, у якім адсутнічаюць прыватная ўласнасць, сям'я, але існуюць дзяржаўнае выхаванне дзяцей, абавязковая праца для ўсіх жыхароў (пры 4-х гадзінным рабочым дні), паспяхова развіваюцца навукі, адукацыя, асветніцтва. Распрацаваў вучэнне пра «дзве кнігі» - Прыроду, якую пазнае навука і філасофія, і Свяшчэннае Пісанне, якое спасцігаецца свядомасцю чалавека. Аўтар паэтычных твораў (паэм, мадрыгалаў, санетаў, канцонаў і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць