Камю Альбер (1913-1960), французскі пісьменнік, філосаф; прадстаўнік экзістэнцыялізму. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1957). Скончыў ліцэй, Алжырскі ўніверсітэт. Займаўся журналістыкай. Арганізаваў самадзейны тэатр. Праблемы пошуку сэнсу жыцця, ілюзорнасці бязмежнай асабістай свабоды, фатальнага бяссілля чалавекам авалодаць патокам быцця разглядаў у п'есе «Калігула» (1944), аповесцях «Чужы» (1942), «Падзенне» (1956). Скразнымі тэмамі многіх твораў К. (раман-прытча «Чума», 1947; філасофскія эсэ «Міф па Сізіфа», 1942; «Бунтучы чалавек», 1951) былі бунт супраць законаў свету, стаічнае супрацьстаянне абсурднаму быццю, абавязковасць маральнага выбару як спосабу свабоднага самавыяўлення і ўдасканалення чалавека. К. называлі «спеваком абсурду», бо ён займаўся пераважна праблемай абсурднасці чалавечага існавання. Лічыў, што абсурд быцця з'яўляецца нормай жыццядзейнасці грамадства, сутнасцю чалавечай гісторыі. Аднак чалавек павінен яму актыўна супраціўляцца, бо толькі тады можна захаваць самастойнасць унікальнай чалавечай асобы ў нашым абсурдным свеце. Ставіў спектаклі па ўласных інсцэніроўках - напр., «Д'яблы» Ф.Дастаеўскага, «Рэквіем па манашцы» У.Фолкнера.

Паведаміць пра недакладнасьць