Кант Імануіл (1724-1804), нямецкі філосаф, родапачынальнік нямецкага класічнага ідэалізму. Нарадзіўся ў г. Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград). Скончыў Кёнігсбергскі ўніверсітэт, працаваў хатнім настаўнікам. Ганаровы сябра Пецярбургскай Акадэміі навук. Каля 40 гадоў быў выкладчыкам, дэканам факультэта, рэктарам Кёнігсбергскага ўніверсітэта (выкладаў тут логіку, метафізіку, філасофію). Сярод найбольш вядомых твораў - «Крытыка чыстага розуму» (1781), «Крытыка практычнага розуму (1788), «Асновы метафізікі і маралі» (1785) і інш. У аснове этыкі К. - праблема годнасці і самакаштоўнасці кожнай асобы. Сфармуляваў паняцце т.зв. «катэгарычнага імператыву», паводле якога кожны індывід павінен дзейнічаць так, каб правіла яго асабістых паводзін магло стаць правілам паводзін для ўсіх людзей. К. падзяляў свет на дзве часткі - свет прыроды і свет свабоды. Першы з іх уяўляе сабой свет жорсткасці і зла, а другі, наадварот, свет культуры і маралі. Гэтыя два светы злучае, звязвае вялікая сіла Прыгажосці (сіла мастацтва). Паводле К., вышэйшым праяўленнем культуры выступае менавіта яе эстэтычная праяўленне. Ён вызначыў тры асноўныя прынцыпы грамадскага жыцця: свабода кожнага сябра грамадства; самастойнасць кожнага грамадзяніна; роўнасць усіх падданых у дзяржаве. На думку К., чалавечае грамадства развіваецца ў кірунку да «ўсеагульнай прававой грамадзянскай супольнасці», г.зн. да дасканалай ідэальнай рэспублікі; дасягнуць ідэальнага стану грамадства, дзе б панаваў мір паміж людзьмі і дзяржавамі, можна толькі праз пераадоленне ўсякіх антаганізмаў, супярэчнасцей, войнаў і звязаных з імі бедстваў і пакут людзей. Як эстэтык, К. адзначаў, што ўжо сама цікавасць да прыгожага ў прыродзе ўзвышае чалавека ў маральных адносінах. Распрацаваў вучэнне аб антыноміях (супрацьлегласцях) тэарэтычнага розуму, якое адыграла значную ролю ў развіцці дыялектыкі.

Паведаміць пра недакладнасьць