Канфуцыянства, рэлігійна-філасофскае і этыка-палітычнае вучэнне, асновы якога былі закладзены ў 6 ст. да н.э. кітайскім мудрацом Канфуцыем (каля 551 - 479 г. да н.э.). Абвяшчала ўладу правіцеля свяшчэннай, дараванай Небам, а раздзяленне людзей на вышэйшых і ніжэйшых («высакародных мужоў» і «дробных людзішак») усеагульным законам справядлівасці. У аснову сацыяльнага ўладкавання К. ставіла маральнае самаўдасканаленне і выкананне норм этыкету («лі»). К. было дзяржаўнай рэлігіяй Кітая з 2 ст. да н.э. да пачатку 20 ст. Канфуцый распрацаваў канцэпцыю ідэальнага чалавека (цзюнь-цзы), у аснове характару якога павінна быць т.зв. «жэнь» - гуманасць, чалавечнасць, любоў да людзей. Важнае значэнне ў вучэнні Канфуцыя займала канцэпцыя «сяо» - сыноўняй пачцівасці, павагі да бацькоў і старэйшых. Ён лічыў «сяо» найбольш эфектыўным метадам кіравання краінай (краіна - гэта адна «вялікая сям'я»); кожны павінен усвядоміць адну простую ісціну: «Правіцель павінен быць правіцелем, бацька - бацькам, а сын - сынам».

Паведаміць пра недакладнасьць