Канчэўскі Ігнат (1896-1923), беларускі паэт, філосаф, публіцыст. Скончыў Віленскую рэальную навучальню (1913). Вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, Маскоўскім універсітэце (1913-1916), на Вышэйшых кааператыўных курсах пры ўніверсітэце імя А.Шаняўскага (Масква, 1917). Удзельнік беларускага культурна-асветніцкага руху. У філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» (1921) глыбока раскрыў драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх неадольнае імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. К. сцвярджаў, што «ваганне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая непрыхільнасць ні да аднаго ні да другога з'яўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народа». Прычым, на яго думку, беларускі народ не стварыў выразнай культуры з-за таго, што ў яго гісторыі была «вялікая трагедыя народнага духу, якую перажыць выпала толькі двум-тром эўрапейскім народам: Беларусь ад 10 веку і да гэтай пары фактычна з'яўляецца полем змагання двух кірункаў эўрапейскай, пэўна, - арыйскай, культуры - усходняга і заходняга...». Вершы друкаваў пад псеўданімамі Ігнат Абдзіраловіч і Ганна Галубянка. Паэтычная творчасць вызначаецца філасофскай пранікнёнасцю ў сутнасць народнага жыцця, спалучэннем прыгажосці беларускага слова з нацыянальным светабачаннем, замілаваннем да чалавека, верай у адраджэнне і будучы росквіт Бацькаўшчыны (вершы «Па святой зямлі...», «Вераснёвае пано», «На матывы Р.Тагора», верш у прозе «Мы разам...» і інш.). Аўтар палітычных артыкулаў, рэцэнзій у віленскай прэсе.

Паведаміць пра недакладнасьць