Клінапіс, сістэма пісьма ў старажытнай Месапатаміі. З'яўляецца адным з відаў старажытнага пісьма, знакі якога складаліся з груп клінападобных рысачак; яны выціскаліся на паверхні кавалка мяккай гліны завостранымі палачкамі, якія ўваходзілі ў гліну пад вуглом і стваралі клінападобнае заглыбленне. Сырой гліне надавалася форма пліткі, конуса, цыліндра або прызмы, якія потым абпальваліся для захоўвання нанесеных знакаў. К. узнік у 4 тыс. да н.э. у старажытным Шумеры, а потым быў прыстасаваны да вавілонскай, асірыйскай, хецкай, урарцкай і іншых моў. Спачатку ўяўляў сабой ідэаграфічна-рэбуснае, а з сярэдзіны 3 тыс. да н.э. - славесна-складовае пісьмо. Кліны размяшчаліся гарызантальна, вертыкальна, пад рознымі вугламі. Напрамак пісьма спачатку быў вертыкальны (слупкамі справа налева), пазней - гарызантальны (радкамі злева направа). К. праіснаваў каля 4 тыс.гадоў. Найбольш познія яго помнікі разнастайныя па жанрах (рэлігійныя і навуковыя тэксты, дакументы, слоўнікі, эпас) былі вядомы ў старажытнай Персіі і адносяцца да 6-4 ст. да н.э.

Паведаміць пра недакладнасьць