Мантэнь Мішэль (1533-1592), французскі філосаф, пісьменнік, палітычны дзеяч, юрыст. Скончыў Тулузскі ўніверсітэт, працаваў суддзёй. Найбольш вядомы як аўтар трохтомнай кнігі эсэ «Вопыты» (1580-1588). У ёй чалавек разглядаецца як найвышэйшая каштоўнасць, аднак у той жа час паказаны (нярэдка ў іранічнай, сатырычнай форме) шматлікія недахопы і слабасці людзей. Гэтая кніга, заснаваная на падрабязным разглядзе побыту і нораваў розных людзей, канкрэтных гістарычных фактаў, па сваёй сутнасці накіравана супраць схаластыкі і царкоўнага дагматызму, усякага падаўлення свабодалюбівых памкненняў. Таму невыпадкова ідэалам чалавека, паводле М., выступае адукаваны, разумны, унутрана свабодны індывід, які ў сваіх паводзінах і дзеяннях заўсёды прытрымліваецца норм маралі, справядлівасці, сумленнасці і адказнасці.

Паведаміць пра недакладнасьць