Міцкевіч Адам (1798-1855), беларускі польскамоўны паэт, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху; заснавальнік беларускага рамантызму. У 1819 скончыў Віленскі ўніверсітэт. У 1822 і 1823 апублікаваў два паэтычныя зборнікі, якія паклалі пачатак рамантычнай плыні ў беларускай літаратуры. У 1824 за актыўны ўдзел у патрыятычных арганізацыях быў высланы царскімі ўладамі ў Расею; жыў у Адэсе, Маскве, Санкт-Пецярбургу. У 1829 атрымаў дазвол выехаць у Заходнюю Эўропу, жыў у Рыме, Парыжы. У 1840 стаў першым прафесарам славянскай літаратуры ў парыжскім Калеж дэ Франс. Выдаў кнігу «Крымскія санеты» (1826), эпічную паэму «Конрад Валенрод» (1829) і інш. Аўтар паэм «Дзяды» (1832) і «Пан Тадэвуш» (1834), якая ўяўляе сабой ліраэпічнае палатно старабеларускага побыту, узор моўнага жывапісу. У сваіх лекцыях пра славянскія літаратуры ў Калеж дэ Франс (1841-1844) М. адзначаў, што беларусы «захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс», «у іх казках і песнях ёсць усё», а беларуская мова - гэта «самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана».

Паведаміць пра недакладнасьць