Нацыянальны характар, сукупнасць асноўных адносна ўстойлівых псіхалагічных якасцей, якія сфармаваліся ў нацыі ў канкрэтных гістарычных, сацыяльна-культурных і прыродных умовах яе развіцця. Асаблівасці Н.х. прама ці ўскосна адлюстроўваюцца ў найбольш распаўсюджаных рысах паводзін, эмоцый і пачуццяў пераважнай часткі людзей пэўнай нацыянальнай прыналежнасці. Існуюць стэрэатыпныя ўяўленні наконт асаблівасцей Н.х. розных народаў свету (нямецкая пунктуальнасць, ангельскі традыцыяналізм, жыдоўская практычнасць, гішпанская гордасць, італьянская тэмпераментнасць, японская працавітасць, шведская стрыманасць і інш.), але Н.х. асобных народаў адрозніваюцца не столькі пэўнымі псіхалагічнымі якасцямі, колькі іх сукупнасцю, ступенню ўласцівасці асобных рыс прадстаўнікам розных нацыянальных супольнасцей. Першапачаткова паняцце Н.х. выкарыстоўвалася падарожнікамі, географамі, этнографамі для апісання асаблівасцей паводзінаў, ладу жыцця, звычаяў, абрадаў, традыцый розных народаў свету. Кожны Н.х. уяўляе сабой складаную сукупнасць разнастайных (нярэдка супрацьлеглых) псіхалагічных рыс і якасцей, якія можна з пэўнай доляй умоўнасці назваць «станоўчымі» і «адмоўнымі». Як сведчаць шматлікія гістарычныя факты, падзеі духоўна-культурнага жыцця беларусаў, іх багатая фальклорная спадчына, многія літаратурныя творы, да станоўчых рысаў беларускага Н.х. можна аднесці талерантнасць (цярпімасць), памяркоўнасць, лагоднасць, добразычлівасць, гасціннасць, вынослівасць, працавітасць і інш., а да адмоўных - адпаведна кансерватыўнасць, канформнасць (канфармізм), некаторыя апатычнасць, нерашучасць, недаверлівасць і г.д. У цэлым у сучаснай гуманітарнай навуцы няма адзінства пры вызначэнні сутнасці і адметных рыс розных Н.х., многія праблемы ў гэтай галіне з'яўляюцца пакуль маладаследаванымі, дыскусійнымі.

Паведаміць пра недакладнасьць