Ракако (ад франц. rococo - ракавіна), стыль у эўрапейскіх пластычных мастацтвах і архітэктуры 1-й паловы - сярэдзіны 18 ст. Найбольшае пашырэнне атрымаў у Францыі. Для яго характэрны своеасаблівая манернасць, вытанчанасць, легкаважкасць. У ім спалучаюцца геданізм, пачуццёвасць, адкрытая фрывольнасць, экзатычнасць, парадаксальнасць, алагічнасць, узнёслая паэтычнасць, эстэтызм, арыстакратычнасць. Аднымі з найбольш яркіх прадстаўнікоў Р. былі французскія жывапісцы Ж.А.Фраганар, Ф.Бушэ і інш. У Беларусі рысы Р. выявіліся ў палацава-сядзібнай і культавай архітэктуры 18 ст. Мясцовыя магнаты будавалі сядзібныя дамы, паляўнічыя домікі, якія мелі рысы Р. (Альбінскі палацава-паркавы ансамбль, Станіславоўская сядзіба і інш.). У інтэр'еры палацаў і сядзібных дамоў стыль Р. выявіўся пераважна ў мудрагелістым, часта асіметрычным аздабленні арнаментальнымі матывамі ў выглядзе стылізаваных завіткоў з галінак, кветак, лісця, хваль, ракавін. У культавых збудаваннях рысы Р. выявіліся ў архітэктурных формах віленскага барока, у канструкцыі і дэкоры алтароў, амбонаў (Слонімскі касцёл бернардзінцаў, Гарадзенскі езуіцкі касцёл і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць