Самойла Ўладзімір (1878-1941), беларускі мысліцель, публіцыст, літаратурны крытык. Скончыў Петраградскі ўніверсітэт (1916). Удзельнічаў у літаратурна-грамадскім руху ў Менску. З 1908 супрацоўнічаў у менскіх і віленскіх перыядычных выданнях. З 1918 жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіях, актыўна супрацоўнічаў у віленскай прэсе. У 1920-я г. адзін з вядучых публіцыстаў заходне-беларускага перыядычнага друку вызваленчага кірунку. У 1939 арыштаваны савецкімі ўладамі. Адзін з першых высока ацаніў творчасць Я.Купалы, садзейнічаў у надрукаванні яго першага верша на беларускай мове «Мужык» (1905). У філасофскіх эсэ, нарысах («Гэтым пераможаш!», «Трыумфуе Беларусь» і інш.) сцвярджаў гістарычную заканамернасць беларускага нацыянальнага руху і яго аб'ектыўную непераможнасць. У рэцэнзіях і артыкулах пра заходнебеларускую літаратуру вітаў ідэйныя, мастацкія, жанравыя пошукі пісьменнікаў, разглядаў здабыткі літаратуры ў святле росту гістарычнай і палітычнай свядомасці народа. Выступаў з артыкуламі пра творчасць Г.Ібсена, А.Блока, Л.Андрэва і інш.