Станіслаўскі Канстанцін Сяргеевіч (1863-1938; сапр. Аляксееў), расейскі рэжысёр, акцёр, педагог, тэарэтык тэатра. Народны артыст СССР (1936). Адзін з заснавальнікаў Маскоўскага Мастацкага тэатра (1898) і стваральнікаў «Таварыства мастацтва і літаратуры», дзе іграў і ставіў п'есы. У створанай ім Оперна-драматычнай студыі прымяніў свае драматургічныя прынцыпы акцёрскага майстэрства для оперных пастановак. Упершыню сцвердзіў на расейскай сцэне прынцыпы рэжысёрскага тэатра (адзінства мастацкай задумы, цэласнасць акцёрскага ансамбля, псіхалагічная абумоўленасць мізансцэн). Дабіваўся стварэння паэтычнай атмасферы спектакля, перадачы «настрою» кожнага эпізода, жыццёвай дакладнасці вобразаў, сапраўднасці акцёрскага перажывання. Даў пачатак розным незалежным тэатрам, у т.л. жыдоўскаму тэатру-студыі «Габіма». Паставіў п'есы: А.Чэхава, дзе сыграў ролі Трыгорына («Чайка», 1898), Вяршыніна («Тры сястры», 1901), Гаева («Вішнёвы сад», 1904); М.Горкага - роля Саціна («На дне», 1902); І.Тургенева - роля Ракіціна («Месяц у вёсцы», 1909); М.Метэрлінка («Сіняя птушка», 1908), К.Гальдоні («Гаспадыня гасцініцы», 1914), А.Астроўскага («Гарачае сэрца») і інш. Стварыў сістэму сцэнічных установак, заснаваных на натуральных законах эмацыянальных, душэўных і фізічных дзеянняў, на тэхніцы арганічнага пераўвасаблення ў вобраз («сістэма Станіслаўскага»). Як акцёр С. стварыў нямала яркіх вобразаў у класічных і сучасных п'есах. Працаваў і ў галіне музычнага тэатра. З 1918 узначальваў Оперную студыю Вялікага тэатра (Масква). Яго наватарскія ідэі выказаны ў кнігах «Маё жыццё ў мастацтве» (1924) і «Работа акцёра над сабой» (1937). Творчая дзейнасць С. аказала значны ўплыў на расейскае і сусветнае тэатральнае мастацтва 20 ст.

Паведаміць пра недакладнасьць