Тэлебачанне, галіна навукі, тэхнікі, культуры, звязаная з перадачай на адлегласці выяў аб'ектаў і гукавога суправаджэння (музыка, прамовы) пры дапамозе радыёсігналаў (эфірнае Т.) або электрычных сігналаў, якія перадаюцца па правадах (кабельнае Т.). Яго зараджэнне адносіцца да пачатку 20 ст., аднак практычнае асваенне Т. адбылося толькі ў 1930-я г. Рэгулярнае тэлевяшчанне пачалося ў 1936 у Вялікабрытаніі і Германіі, у 1939 у Расеі (Масква, Ленінград), у 1941 у ЗША. Спачатку Т. было чорна-белым, з 1950-х г. узнікла каляровае. У канцы 1980-х г. распрацаваны сістэмы Т. высокай дакладнасці, у сучасны перыяд вядуцца распрацоўкі лічбавага Т. З'яўляецца масавым сродкам распаўсюджвання інфармацыі (палітычнай, культурнай, пазнавальнай, вучэбнай і інш.). Адыгрывае важную ролю ў пашырэнні найбольш значных дасягненняў нацыянальнай і сусветнай культуры. Т. называюць «сінтэтычным» відам мастацтва, паколькі яно аб'ядноўвае дасягненні тэатра, кінематографа, радыё, дакументальнага кіно. Дзякуючы Т. ўзніклі тэлевізійны тэатр, тэлесерыялы (шматсерыйныя тэлевізійныя фільмы), тэледакументалістыка, тэлерэпартаж і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць