Універсітэт (ад лац. universitas - сукупнасць, агульнасць),

1) вышэйшая вучэбна-навуковая ўстанова, якая вядзе падрыхтоўку спецыялістаў па сукупнасці дысцыплін, што складаюць асновы навуковых ведаў. Першы эўрапейскі Ў. адкрыўся ў 11 ст. ў італьянскім горадзе Балонья на базе тагачаснай юрыдычнай школы. На працягу 12-13 ст. узніклі ўніверсітэты ў Оксфардзе і Кембрыджы (Англія), Парыжы, Неапалі, а ў 14-15 ст. - у Празе, Кракаве, Кёльне і інш. Ва ўсіх сярэднявечных эўрапейскіх У. выкарыстоўвалася адзіная акадэмічная мова - латынь; меліся аднолькавыя факультэты. Малодшы факультэт называўся «артыстычным» і лічыўся абавязковай ступенню адукацыі; тут вывучаліся «сем свабодных мастацтваў» (граматыка, рыторыка, дыялектыка, арыфметыка, геаметрыя, музыка, астраномія), а выпускінікі факультэта атрымлівалі ступень бакалаўра. Вывучаліся таксама логіка, фізіка, метафізіка, палітыка, этыка. Старшым факультэтам мог быць або юрыдычны, або медыцынскі, або багаслоўскі, прычым яго выпускнікі мелі магчымасць атрымаць ступень магістра і доктара. Асноўнымі формамі навучання былі лекцыі і дыспуты (сумесныя абмеркаванні складаных, спрэчных пытанняў пераважна багаслоўска-тэалагічнага характару). Большасць эўрапейскіх У. у Сярэднявеччы валодалі юрыдычнай, адміністрацыйнай і фінансавай аўтаноміяй. Да 15-16 ст. універсітэцкая схаластыка стала тормазам для навуковага і культурнага развіцця. У эпоху Адраджэння ў некаторых краінах (напр., Германіі) гуманістычны рух быў цесна звязаны з У. У Новы і навейшы час многія Ў. сталі цэнтрамі даследаванняў у галіне прыродазнаўчых і гуманітарных навук. Першая вышэйшая школа на тэрыторыі ВКЛ - Віленская акадэмія, у 1781 рэфармавана ў Галоўную школу ВКЛ. У 1803 на базе Галоўнай школы заснаваны Віленскі ўніверсітэт. У 1921 у Менску адкрыты Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ). У 1992 у Менску заснаваны першы ў Беларусі недзяржаўны незалежны Эўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

2) Грамадскія навучальныя ўстановы па распаўсюджванні ведаў у розных галінах навукі, культуры, грамадскага жыцця і павышэнні прафесійнай кваліфікацыі. У 20 ст. ў Беларусі дзейнічалі народныя ўніверсітэты, універсітэты культуры і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць