Шапэн Фрыдэрык (1810-1849), польскі кампазітар і піяніст. Пачаў іграць на фартэпіяна з 7 гадоў, а ў 11 гадоў зрабіў першыя спробы сачыняць уласную музыку. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1830). Неаднаразова рабіў канцэртныя туры па эўрапейскіх краінах. Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. Фартэпіяннае выкананне Ш. адзначалася небывалай лёгкасцю, паэтычнасцю, лірычнасцю і адухоўленасцю. Ён быў прызнаны (разам з Ф.Лістам) лепшым піяністам свету. Ш. - аўтар двух фартэпіянных канцэртаў, твораў для фартэпіяна з аркестрам, нешматлікіх камерных твораў, а таксама песень. Найчасцей Ш. пісаў фартэпіянныя кампазіцыі - санаты, паланезы, прэлюдыі, мазуркі, эцюды, балады, ронда, скерца і інш. Музычны эцюд упершыню ў гісторыі музыкі з вучэбнага практыкавання стаў у выкананні Ш. самастойным канцэртным творам. Творы Ш. рамантычныя па стылю, вызначаюцца багатай гармоніяй, меладычнай і эмацыянальнай выразнасцю. Выкарыстоўваў самабытныя рысы польскай народнай музыкі. Ператварыў мазуркі і паланезы з танцаў у канцэртныя п'есы.

Паведаміць пра недакладнасьць