Шэкспір Уільям (1564-1616), ангельскі драматург, паэт, акцёр. Вучыўся, верагодна, у Стратфардскай граматычнай школе. Заснаваў тэатр «Глобус», у якім актыўна выкарыстоўвалася музыка, спевы, танцы; у ім адсутнічалі дэкарацыі (па меры неабходнасці на сцэну проста выносіліся сталы, крэслы, бутафорскія дрэвы і інш.). «Шэкспіраўскі канон» (творы, якія бясспрэчна яму належаць) уключае 37 драм. На першым этапе сваёй творчасці Ш. ствараў пераважна п'есы-хронікі, камедыі, асобныя трагедыі («Утаймаванне свавольніцы», 1593; «Рамэо і Джульета», 1595; «Сон у летнюю ноч», 1596; «Шмат шуму з нічога», 1598; «Рычард III», 1593; «Генрых IV», 1597-1598). На другім этапе (з пачатку 17 ст.) ён напісаў свае геніяльныя трагедыі - «Гамлет» (1601), «Атэла» (1604). «Кароль Лір» (1605), «Макбет» (1606), «Антоній і Клеапатра» (1607) і інш. У гэтых творах маральныя, грамадскія і палітычныя канфлікты эпохі Ш. асэнсаваў як вечныя і непераадольныя, як законы светабудовы, пры якіх вышэйшыя чалавечыя каштоўнасці - дабро, годнасць, справядлівасць - бэсцяцца і церпяць трагічную паразу. У адпаведнасці з гуманістычнымі ідэаламі Адраджэння ў «Гамлеце» - адной з лепшых трагедый усіх часоў і народаў - вуснамі самога Гамлета ўзвышаецца чалавек (ён называецца «цудам прыроды», «вянцом усяго жывога»). Аўтар лірыка-філасофскіх «Санетаў» (1592-1600; апубл. у 1609). Стварыў яркія, надзеленыя магутнай воляй і моцнымі страсцямі характары, здольныя як да гераічнага супрацьборства з лёсам і абставінамі, да самаахвяравання, так і гатовыя пераступіць праз маральны «закон» і загінуць дзеля ўсёпаглынаючай ідэі ці неадольнай страсці (самалюбства, улады, кахання). Трагедыі Ш. - найвялікшыя ўзоры трагічнага ў сусветнай літаратуры.

Паведаміць пра недакладнасьць