Лапіцкі Расьціслаў (01.09.1928, в. Касута Вялейскага р-ну Менскай вобл. - расстраляны 28.10.1950?), арганізатар і кіраўнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху на Мядзельшчыне і Смаргоншчыне ў 1948-1950 (Мядзельска-Смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле).

Нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і праваслаўнага сьвятара Аляксандра Лапіцкага. Дзеці Лапіцкіх былі знаёмыя з друкаванай у Заходняй Беларусі патрыятычнай літаратурай, падтрымлівалі сувязі з навучэнцамі Віленскай беларускай гімназіі. У часе Другой сусьветнай вайны бацька з паменелай сям'ёй (два старэйшыя сыны і дачка ўжо жылі асобна) пераехаў на Мядзельшчыну, дзе атрымаў у Кабыльніку царкоўны прыход. Пасьля выгнаньня нямецка-фашысцкіх войскаў зь Беларусі ў пачатку восені 1944 Расьціслаў пайшоў вучыцца ў толькі што адчыненую Кабыльніцкую сямігодку. У гэты ж час праз старэйшага брата Алега Лапіцкага - сэмінарыста Віленскай духоўнай сэмінарыі - ён далучыўся да падпольнай Віленскай патрыятычнай арганізацыі, якая ўтварылася сярод навучэнцаў Віленскай беларускай гімназіі і Віленскай сэмінарыі. Пасьля разгрому арганізацыі і арышту значнай часткі яе ўдзельнікаў 16-гадовы Расьціслаў быў таксама асуджаны, як малалетні, на тры гады зьняволеньня. Аднак па амністыі ў сувязі зь перамогай над фашысцкай Нямеччынай у 1945 быў вызвалены з турмы і вярнуўся ў Кабыльнік, дзе працягваў школьнае навучаньне. Пасьля сьмерці бацькі ў 1946 асірацелая сям'я - маці і сын - зімой з 1946 на 1947 перабіраюцца ў Мікасецак непадалёку Мядзела, дзе Расьціслаў спрабаваў знайсьці нейкі заробак пры мясцовай царкве. Зь Мікасецку ж юнак хадзіў і ў Мядзельскую дзесяцігодку ў 7, 8 і 9 клясы.

У памяці колішніх мядзельскіх і кабыльніцкіх школьнікаў, жыхароў абодвух мястэчкаў і навакольных вёсак Расьціслаў Лапіцкі застаўся як надзвычайная асоба, надзеленая многімі талентамі, са шчырай і добрай душой, адкрытай на чужы боль. Ён выдатна маляваў, добра сьпяваў і граў на розных музычных інструмэнтах. Меў здольнасьці да майстраваньня і вынаходніцтваў - рабіў радыёпрыймачы, змайстраваў электрамашыну, якой спрабаваў лячыць людзей, езьдзіў на самаробных роварах, у тым ліку і з маторам, мог зладзіць выбуховае прыстасаваньне, для якога ў пасьляваенныя гады яшчэ хапала матэрыялу. Ужо пасьля арышту Лапіцкага мы, меншыя вучні мядзельскай школы, на ўроках батанікі і заалёгіі яшчэ доўга вучыліся па ягоных плякатах, намаляваных каляровымі алоўкамі. І яшчэ аднавяскоўцы памятаюць, якой жахліва беднай была сям'я Лапіцкіх пасьля сьмерці бацькі.

Расьціслаў Лапіцкі ў Кабыльніку і, асабліва, у Мядзельскай школе вылучаўся сваімі ярка выражанымі антыкамуністычнымі і патрыятычнымі настроямі. Былая вучаніца школы Захарэвіч успамінала крылаты выраз юнака: «Калі ты ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе маскаль - спалі хату, калі хлеб з гэтай нівы пойдзе маскалю - зьнішчы яе». Сваіх думак і перакананьняў не хаваў, зь юначым запалам адстойваў іх нават на ўроках.

Сярод мядзельскіх вучняў Расьціслаў знайшоў аднадумцаў, што не прымалі сутнасьці камуністычнага рэжыму, што ўсталяваўся ў Беларусі. Гэта былі найперш Несьцяровіч Факунда зь Юшкавічаў і Качэрга Юзік з Качарог. Часта зьбіраліся ў Мікасецку на кватэры Лапіцкіх, або ў хаце каго-небудзь зь мясцовых маладых сялянаў.

Нястачы і голад не пакідалі Лапіцкіх у Мікасецку. У пошуках нейкага паратунку восеньню 1949 маці з сынам пешкі, ведучы на вяроўцы карову-карміліцу, падаліся за 80 км у Смаргонь. Там жылі матчыныя браты Жабінскія. Думалася, што каля сваіх будзе лягчэй.

У Смаргоні Расьціслаў пайшоў у дзясятую клясу мясцовай школы. Патрыёт і тут адразу ж пачаў шукаць сяброў, каму быў бы неабыякавы лёс Бацькаўшчыны. Разгарнулася агітацыя - на школьных перапынках, вечарынах, у клюбе, дзе Расьціслаў падзарабляў ігрой на піяніне. Набралася каля паўтара дзясятка аднадумцаў. Рослы, прыгожы Лапіцкі, з вострым розумам і палкім характарам, які мог захапіць і словам і прыкладам, стаў і тут несумненным лідэрам. І ў Смаргоні нават на ўроках юнак не хаваў сваіх перакананьняў: спрачаўся з камсамольскімі арганізатарамі, некаторымі настаўнікамі. Аднойчы адмовіўся пісаць сачыненьне па рамане Фадзеева «Маладая гвардыя», заявіўшы, што ў іх маецца свая «Маладая гвардыя», толькі яна змагаецца за Беларусь.

Пасьля масавага зьяўленьня ў горадзе ў пачатку сьнежня 1949 антыкамуністычных улётак Расьціслаў Лапіцкі быў арыштаваны. Аднак пасьля тыдня бясплённых допытаў часова вызвалены.

Нарада падпольнай арганізацыі вырашыла, што Лапіцкаму неабходна пакінуць Смаргонь. І ён зноў тайна вяртаецца на Мядзельшчыну. Нейкі час быў у Мікасецку, Юшкавічах. Затым, ужо моцна прастуджаны, перабраўся да знаёмых у Кабыльнік. Тут яго знайшоў Часлаў Цыбоўскі і перадаў прапанову партызанам Арміі краёвай пераправіць яго за мяжу. Аднак хворы Расьціслаў ня змог выкарыстаць гэты паратунак. У Кабыльніку ж ён быў паўторна арыштаваны. Да суду ўтрымліваўся ў нядобра славутай турме ў Вяленцы, дзе надопытах яго жорстка катавалі. Аднаму таксама арыштаванаму вучню кабыльніцкай школы ўдалося падгледзець, як па турэмным калідоры вялі Расьціслава, зьбітага так, што ня мог сам ісьці, выглядаў на старога дзеда.

Суд над Расьціславам Лапіцкім і большасьцю ўдзельнікаў мядзельска-смаргонскага падпольля адбыўся ў Маладэчне ў ліпені 1950. Кіраўнік арганізацыі трымаўся мужна і нязломна, браў усю віну на сябе. Ён закідаў камуністам, што тыя прымусам заганяюць людзей у калгасы, прымучваюць непамернымі падаткамі, жорстка караюць за любы пратэст, закрываюць цэрквы і касьцёлы. Выступленьні падсуднага былі не апраўданьнямі, а абвінавачаньнем камуністычнаму рэжыму. Ваенны трыбунал Беларускай Вайсковай Акругі прыгаварыў Расьціслава Лапіцкага да расстрэлу. Беларускі патрыёт мужна ўспрыняў такі прысуд і з абурэньнем адмовіўся ад прапановы прасіць памілаваньня. Як сьведчыць жыхарка Кабыльніка Таіса Камарніцкая (Бяліцкая), восеньню гэтага ж году ў мясцовай школе абвясьцілі аб расстрэле яе былога вучня. Аб расстрэле Расьціслава Лапіцкага ў ноч на 28 кастрычніка 1950 паведаміў асуджанай па справе мядзельска-смаргонскага падпольля Леакадзіі Цыбоўскай і наглядчык маладэчанскай турмы.

Памяць пра Расьціслава Лапіцкага, як найяскравейшага прадстаўніка беларускага антыкамуністычнага пасьляваеннага супраціву, і сёньня, нягледзячы на замоўчваньне рэжымам, захоўваецца сярод многіх жыхароў Мядзельшчыны і Смаргоншчыны. Яго прыклад выхаваў тут не аднаго патрыёта Бацькаўшчыны.

Міхась Чарняўскі

Паведаміць пра недакладнасьць