Харэўскі Якуб (сапраўднае прозьвішча Новік; 1900, в. Харэва Пружанскага павету - загінуў 02.04.1968 у аўтамабільнай катастрофе ў Рью-Грандэ Порт Алекра ў Бразыліі), беларускі партызанскі атаман, камандзір партызанскага аддзелу імя ат. Нябабы, адзін з кіраўнікоў Беларускай Народнай Партызанкі 1942-1948.

З 1922 Х. удзельнічае ў антыпольскай партызанцы, становіцца камандзірам аддзелу ў Ружанскай пушчы. Спачатку аддзел уваходзіў у «5-ю групу партызанскіх войскаў БНР», а з 1923, калі згубілася сувязь, дэейнічаў самастойна. Атаман Х., разам зь Сяргеем Хмарам (атаман Іскра) і атаманам Рудым у Сталавічах сустракаўся з чэкістам Кірылам Арлоўскім, аддзел якога партызаніў супраць польскіх уладаў у Заходняй Беларусі. Х. дамогся падзелу тэрыторый дзейнасьці свайго й чэкістаўскага аддзелаў, адмаўляючы прапанаваную Арлоўскім «каардынацыю» і «агульны штаб».

Пасьля спыненьня партызанскае барацьбы з 1925 Х. няўдала спрабаваў легалізавацца. Ратуючыся ад перасьледу польскае паліцыі, ён з фальшывымі дакумэнтамі перабіраецца ў БССР. Адтуль Х. вяртаецца ў Зах. Беларусь у 1937, хаваецца на Валыні. На пачатку 1939 Х. удзельнічае ў баранавіцкай нелегальнай канфэрэнцыі грамадоўцаў, якая прыняла рашэньне аб падрыхтоўцы антыпольскага паўстаньня. Атаман Х. атрымаў заданьне рыхтаваць зброю й зьбіраць людзей. 1 верасьня 1939 Х. арганізоўвае партызанскі аддзел. Пасьля стварэньня паўстанцкага штабу ён быў прызначаны намесьнікам Івана Тарасюка, камандзіра паўстанцаў. Пасьля гібелі Тарасюка Х. камандуе паўстанцкімі сіламі на заходнебеларускім Палесьсі (да 5000 чалавек). 17 верасьня ён адмяніў штурм Пінску, заплянаваны на 18 верасьня 1939. Да чэрвеня 1941 Х. хаваецца ад НКВД.

Ужо ў ліпені 1941 Х. зноў зьбірае свой аддзел, які ўдзельнічаў у сумеснай беларуска-ўкраінскай антыбальшавіцкай вайсковай апэрацыі на Палесьсі. З 1942 Х. - адзін з кіраўнікоў Беларускай Народнай Партызанкі, узначальвае «Лаву атаманаў», уваходзіць у кіраўніцтва падпольнай Беларускай Народнай Грамады.

З 1943 аддзел Х. знаходзіцца на Валыні, дзе актыўна супрацоўнічае з УПА ат. Бульбы-Бараўца. Захапіўшы ў Любяшове вялікія запасы нямецкае зброі, аддзел імя Нябабы адыходзіць на Берасьцейшчыну. Да 1948 ён дзейнічае супраць савецкіх уладаў, працягваючы супрацоўніцтва з «бульбаўцамі».

Пасьля цяжкіх баёў з савецкімі войскамі Х. перапраўляе каля Тэрэспалю свой аддзел у Польшчу, а адтуль, праз Чэхію, у Заходнюю Нямеччыну. У 1949 Х. са сваімі партызанамі выяжджае ў Бразылію. Быў кіраўніком паўднёва-амэрыканскага аддзелу Саюзу Былых Удзельнікаў Збройнай Барацьбы за Вызваленьне Беларусі. У студзені 1968 у газэце «Беларускі Голас» (Таронта) Х. надрукаваў свой адзіны артыкул «Аб беларускай партызанцы ў апошнюю вайну». 02.04.1968 ат. Х. гіне разам са сваім ад'ютантам Кастунам Гукам. Ёсьць падставы лічыць, што да ягонай сьмерці маюць дачыненьне савецкія спэцслужбы.

Бібл.: 1. Сябар. Згінуў партызанскі атаман // Беларускі Голас. 1968, № 159, красавік; 2. Ёрш С. Легендарны атаман // Наша Ніва. 17.08.1998, № 15 (112).

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць