Беларускі Вызвольны Рух (БВР), беларуская эмігранцкая палітычна-вайсковая арганізацыя. БВР быў заснаваны ў 1950 у Зах. Нямеччыне й Англіі маёрам Л.Зарэчным і напачатку дзейнічаў нелегальна. Пры дапамозе ангельскіх спэцслужбаў у 1950-1953 некалькі дывэрсійна-разьведвальных групаў БВР былі перакінутыя ў Беларусь. Амаль усе беларускія вайскоўцы-разьведчыкі пасьля выкананьня заданьня вярнуліся на Захад. У Манчэстэры (Англія) пачала арганізоўвацца «Баявая афіцэрская школа БВР», якая мусіла падрыхтоўваць кіруючыя партызанскія кадры для перакідваньня іх у Беларусь. У сваёй дзейнасьці БВР супрацоўнічаў з Украінскай Нацыянальнай Гвардыяй атамана Бульбы-Бараўца.

У 1952 адбылася легалізацыя БВР. Маёр Л.Зарэчны, як «кіраўнік Арганізацыйнага бюра Галоўнага Штабу, БВР», выдае 27.02.1952 адозву да беларускіх вайскоўцаў з заклікам далучацца да «вайскова-палітычнага цэнтру вызваленьня Беларусі», які будзе каардынаваць сілы беларускага антыбальшавіцкага фронту. 09.03.1952 у Манчэстэры адбылася надзвычайная канфэрэнцыя беларускіх вайскоўцаў, на якой быў утвораны Галоўны Штаб БВР. У 1952 у Лянгефэльдзе (Зах. Нямеччына) пачала выходзіць газэта «Незалежная Беларусь» і «Інфармацыйны бюлетэнь Галоўнага Штабу БВР» (выдавец - палітычна-прапагандовы аддзел Галоўнага Штабу БВР).

БВР супрацоўнічае з БЦР, дасылае сваіх дэлегатаў на яе пленумы. У 1952-1953, абапіраючыся на структуры БЦР, у розных краінах Захаду арганізоўваюцца Краёвыя Штабы БВР. Утвараюцца й Аддзелы моладзі пры БВР (напрыклад, у 1953 у Аўстраліі Аддзелам моладзі кіраваў лейтэнант Ул.Шнэк). БЦР на чале з Р.Астроўскім імкнулася падпарадкаваць сабе БВР, але гэтаму супрацівіўся Л.Зарэчны, які хацеў захаваць незалежнасьць сваёй арганізацыі. У выніку 08.02.1954 прэзыдэнт БЦР звольніў Л.Зарэчнага з пасады старшыні Галоўнага Штабу БВР, прызначыўшы на ягонае месца маёра Ўладзіміра Сеньку (першы адмовіўся выконваць гэты загад). Аднак Зарэчны, які да таго моманту атрымаў рангу палкоўніка, рашэньні выканаўчых органаў БЦР праігнараваў і 18.02.1954 выдаў «Зварот да ўсіх сяброў БВР і ўсяе беларускае грамадзкасьці». Палкоўнік Л.Зарэчны заклікаў сяброў БВР самім вырашыць лёс арганізацыі, склікаўшы ўсеэміграцыйны зьезд БВР. Аднак яшчэ напярэдадні зьезду БВР быў расколаты на дзьве часткі. У Англіі ствараў «свой» БВР Сымон Серафімовіч, перайшоў у лягер бэцээраўцаў кіраўнік палітычна-прапагандовага аддзелу Галоўнага Штабу БВР Ягор Папко (капітан Б.Жубровіч).

29.08.1954 у Манчэстэры прайшоў першы ўсеэміграцыйны зьезд БВР, на якім быў прыняты статут і абраныя кіруючыя органы арганізацыі. Генэральным сакратаром БВР быў абраны С.Шчэрба. Старшынём ЦК БВР стаў Л.Зарэчны, а пасьля ягонага адыходу ад арганізацыі - Ул.Сенька. На зьезьдзе быў прыняты Маніфэст БВР. С.Шчэрба пісаў: «Маніфэст гэты мы перакінем усякімі шляхамі на родныя нашыя землі, каб падняць наш Народ на духу, а калі прыйдзе адпаведны час - да рэвалюцыі».

27.10.1954 пленум і калегія БЦР «зьліквідавалі» БВР і арганізавалі Беларускі Вызвольны Фронт. Аслаблены БВР пачаў падзяляцца на малыя групы. Маёр Сенька выконваў абавязкі старшыні ЦК БВР толькі фармальна. Уплыў БВР на беларускую эміграцыю з гэтага часу стаў мінімальны.

07.09.1957 у Дэўсбуры (Англія) прайшоў другі агульны ўсеэміграцыйны зьезд БВР, на якім прысутнічаў 41 дэлегат з Англіі, Аргентыны, Гішпаніі, Францыі, Аўстрыі, Канады і Аўстраліі. Аднак на ім вырашаліся дробныя справы, як, напрыклад, «чыстка» шэрагаў БВР ад «бязбожных групаў», «уласаўцаў» і г.п. Фактычна, гэта быў канец Беларускага Вызвольнага Руху. Спробы яго рэанімацыі адбываліся яшчэ ў 1960-1970-я. У Манчэстэры дзейнічалі дзьве варожыя групы, кожная зь якіх называла сябе «Беларускім Вызвольным Рухам». У Кліўлендзе (ЗША) жыў Алесь Змагар (Яцэвіч, палкоўнік Баравы), які быў старшынём Галоўнай Управы БВР. А.Змагар з 1965 непэрыядычна выдаваў газэту «Незалежная Беларусь». Да пачатку 1980-х ён рэгулярна распаўсюджваў ад імя БВР адозвы да ўгодкаў 25 Сакавіка й Слуцкага збройнага чыну. На сёньняшні дзень арганізацыя ўжо не існуе.

Бібл.: 1. Нэкралёг // Незалежная Беларусь (Лянгефэльд, Зах. Нямеччына). № 8 (14), верасень-кастрычнік 1953; 2. С.І. Памёр пал. Зарэчны // Беларускі Голас (Таронта). 1964, кастрычнік, № 121; 3. Трэска В. Беларусы ў Англіі // Беларускі Голас. 1970, травень, № 183; 4. Стасевіч Ю. Беларуская партызанка 1944-1952 гг. // Беларускі Голас. 1975, красавік, № 232; 5. Мерляк К. Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі. Ню Ёрк, 1992. С. 123; 6. Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Мн., 1993. С. 123.

Сяргей Ёрш

Паведаміць пра недакладнасьць