Гарлачык белы (Nymphaea alba L., 1821)
Парадак Гарлачыкакветныя (Nymphaeales), сямейства Гарлачыкавыя (Nymphaeaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-міжземнаморска-эўрапейскі прэбарэальны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах і астраўных участках росту паблізу паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1]. Харчовая, дубільная, лекавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая водная бессцябловая травяністая расліна з тоўстым і доўгім гарызантальным карэнішчам са шматлікімі карэньчыкамі і ромбападобнымі меткамі ў месцах прымацавання чаранкоў адмерлага лісця. Лісце буйное (да 40 см дыяметрам), плывучае, акругла-авальнае з сэрцападобнай асновай і доўгімі чаранкамі, зверху цёмна-зялёнае, знізу чырванавата-фіялетавае. Кветкі буйныя (да 20 см дыяметрам), адзіночныя, белыя, з завостранымі лісцікамі калякветніка і серна-жоўтым плоскім рыльцам, слабадухмяныя. Аснова чашачкі закругленая (завязь да верхавінкі не звужана, уся ў тычынках). Плод - шара- або ягадападобная шматлістоўка [1-3].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-верасні, пладаносіць у ліпені-лістападзе. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае (карэнішчамі). Плод выспявае пад вадой.
Пашырэнне. Эўропа, Міжземнамор'е, Малая Азія [1, 3]. У Беларусі найбольш пашырана ў даліне Прыпяці і нізоўях яе прытокаў, у старыцах Сажа, Нарава і басейна Нёмана; у больш паўночных раёнах трапляецца на буйных азёрах - Нарач у Мядзельскім, Чарнова ў Гарадоцкім раёнах і ў іншых вадаёмах [4-7].
Месцы росту. Стаячыя і з павольнай плынню воды старыц, заток і поймавых азёр з глеістым грунтам на глыбіні 50-250 см.
Характар росту. Утварае значныя, дастаткова шчыльныя або разрэджаныя зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмяленне і забруджванне вадаёмаў, змяненне іх гідрахімічнага саставу і тэмпературнага рэжыму, пашкоджванне рыбалоўнымі сеткамі і водаматорным транспартам, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (зрыванне квітучых раслін), кліматычныя змены, выцясненне больш канкурэнтаздольнымі відамі.
Культываванне. Вырошчваецца аматарамі-акварыумістамі [8].
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9, 10]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім запаведніку, паляўнічым заказніку «Налібоцкая пушча».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных і гідралагічных (азёрных і рачных) заказнікаў ва ўсіх выяўленых месцах росту, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Определитель растений Белоруссии, 1967; 3. Флора СССР, т. 7, 1937; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 5. Флора Налибокской пущи, 1980; 6. Николаев, Зефиров, 1971; 7. Пачоский, 1883; 8. Жданов, 1987; 9. Моисеева, 1967; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Парфёнаў

Паведаміць пра недакладнасьць