Ятрышнік клапаносны (Orchis coriophora L., 1753)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)

Статус. II катэгорыя. Рэдкі від, колькасць якога хутка скарачаецца.
Значэнне ў захаванні генафонду. Міжземнаморска-эўрапейскі від, які знаходзіцца ў Беларусі на паўночна-ўсходняй мяжы арэала [1]. Дэкаратыўная і лекавая расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом вышынёй 20-40 см і 2 эліпсападобнымі клубнямі. Лісце вузкалінейнае, шырынёй 4-10 [15] мм, зялёнае, тупа завостранае. Суквецце верхавінкавае, густое, коласападобнае, шматкветкавае, даўжынёй да 13-14 см. Прыкветнікі з 1 жылкай, зялёныя або па краі пурпуровыя. Кветкі карычнева-пурпуровыя, з пахам лясных клапоў. Лісцікі калякветніка вузкалінейныя. Губа карычнева-пурпуровая з аліўкавым адценнем, каля асновы белаватая з пурпуровымі крапінкамі. Шпорка востра-канічная, сагнутая, карацей, чым завязь. Плод - каробачка.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў канцы траўня - пачатку чэрвеня, пладаносіць у чэрвені-жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Міжземнамор'е, Малая Азія [2]. У Беларусі пашыраны спарадычна, пераважна ў Берасцейскім, Буда-Кашалёўскім, Гарадзенскім, Жыткавіцкім, Капыльскім, Крычаўскім, Мазырскім, Мастоўскім, Менскім, Мсціслаўскім, Наваградскім, Слуцкім і Столінскім раёнах [3-6].
Месцы росту. Сухадольныя і поймавыя лугі з нізкім і разрэджаным разнатраўна-злакавым травастоем, пераважна на багатых карбанатных глебах нармальнага ўвільгатнення або сухаватых.
Характар росту. Расце невялікімі, нярэдка даволі буйнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Узорванне лугавых угоддзяў, выпас жывёлы, касьба, прымяненне ядахімікатаў, гербіцыдаў і мінеральных угнаенняў.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. [7]. Спецыяльныя меры аховы канкрэтных папуляцый не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, абмежаванне ў месцах росту віду антрапагенных уздзеянняў, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора Европейской части СССР, т. 2, 1976; 3. Парфенов, 1983; 4. Пачоский, 1900; 5. Флора БССР, т. 1, 1949; 6. Михайловская, 1953; 7. Моисеева, 1967.

Ю.Бібікаў

Паведаміць пра недакладнасьць