Гарлачык жоўты малы (Nuphar pumila (Timm) DC., 1821)
Парадак Гарлачыкакветныя (Nymphaeales), сямейства Гарлачыкавыя (Nymphaeaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўразійскі, барэальна-таежны рэліктавы від, які ў Беларусі знаходзіцца ў асобных лакалітэтах на паўднёва-ўсходняй мяжы арэала [1, 2]. Лекавая, дубільная і дэкаратыўная расліна. Ядавітая [3].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая водная бессцябловая расліна з тоўстым мясістым карэнішчам і плывучым ярка-зялёным, скурыстым, авальна-эліптычным сэрцападобным лісцем дыяметрам 5-15 см; падводнае лісце тонкае, маршчакаватае, светла-зялёнае, з плоскімі чаранкамі. Кветкі дробныя (дыяметрам 2-3 см), аранжава-жоўтыя адзіночныя, з моцным прыемным пахам, з 5 жоўтымі, знізу зялёнымі чашалісцікамі і шматлікімі пялёсткамі. Рыльца пукатае, з 8-10 добра прыкметнымі прамянямі. Плод ягадападобны [3, 4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-верасні, пладаносіць у ліпені-лістападзе. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае (карэнішчамі). Плод выспявае пад вадой.
Пашырэнне. Сярэдняя паласа Эўразіі, Скандынавія, паўночныя раёны Ўсходняй Эўропы, лясная зона Сібіры і Далёкага Ўсходу, Паўднёвы Сахалін [1-4]. У Беларусі знойдзены ў Браслаўскім (р. Друйка), Верхнядзвінскім (воз. Асвейскае), Міёрскім (воз. Шчоўна, р. Заходняя Дзвіна), Расонскім (воз. Мохавае) і Чашніцкім (воз. Лукомскае) раёнах [1, 5, 6]. Мяркуюць, што гарлачык расце ў Бярозаўскім, Ганцавіцкім, Менскім, Пухавіцкім і Салігорскім раёнах [7, 8].
Месцы росту. Невялікія поймавыя, лясныя і балотныя азярцы, радзей затокі буйных азёр і рэк на глыбіні 0,5-1,5 м, на глеістых адкладах.
Характар росту. Утварае дастаткова шчыльныя або разрэджаныя зараснікі, часам расце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмяленне і забруджванне вадаёмаў, змяненне іх гідрахімічнага саставу і тэмпературнага рэжыму, пашкоджванне зараснікаў рыбалоўнымі сеткамі і водаматорным транспартам, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, кліматычныя змены, выцясненне больш канкурэнтаздольнымі відамі.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў спіс ахоўных раслін Беларусі з 1964 г. і ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [9, 10]. Ахоўваецца ў заказніку-журавінніку «Юхавіцкі», паляўнічым заказніку «Асвейскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў, кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных і гідралагічных (азёрных) заказнікаў ва ўсіх выяўленых месцах росту, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў аквакультуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора средней полосы Европейской части СССР, 1954; 4. Флора СССР, т. 7, 1937; 5. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 6. Якушка (асаб. павед.); 7. Даныя гербарыя БДУ; 8. Казлоўскі, Скуратовіч (асаб. павед.); 9. Моисеева, 1967; 10. Чырвоная кніга БССР, 1981.

П.Парфёнаў

Паведаміць пра недакладнасьць